Суд Савецкага раёна Гомеля, а следам за ім і судовая калегія па грамадзянскіх справах абласнога суду адмовілі Уладзіміру Кацору, Андрэю Макараву, Віктару Рубцову, Дзмітрыю Сабураву, Андрэю Толчыну і Арцёму Шапараву у разглядзе калектыўнай скаргі на ўмовы іх утрымання ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Гомельскага аблвыканкама. Пра гэта піша "Гомельская Вясна".
Па словах актывістаў, суд адмовіўся разглядаць іх скаргу ў сувязі з яе непадведамаснасьцю, а судовая калегія ў касацыйным парадку падтрымала высновы суду першай інстанцыі. Атрымліваецца, у краіне немагчыма праверыць праз суд тое, што актывісты называюць пыткамі, бесчалавечным, прыніжальным чалавечую годнасць абыходжаннем.
За вясновыя акцыі пратэстаў супраць прэзідэнцкага дэкрэта аб дармаедах гомельскія актывісты адседзелі ў ІЧУ больш за 60 сутак на ўсіх разам, пасля чаго паскардзіліся ў суд на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання арыштаваных у ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама. Яны скардзіліся на холад і скразнякі ў камерах, адсутнасць гарачай вады, нерэгулярныя прагулкі, антысанітарыю, немагчымасць памыцца ў душы і інш.
«Атрымліваецца, што ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі не могуць быць падвергнуты сумненню. Па Канстытуцыі грамадзяне маюць права на судовую абарону правоў, мы прыйшлі ў суд, а нам кажуць, умовы ўтрымання ў ІЧУ судом не абараняюцца!» - заяўляе адседзеўшы 14 сутак арышту Віктар Рубцоў.
Актывісты заявілі, што будуць падаваць калектыўную скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае бараніць правы як на нацыянальным, так і міжнародным узроўні, адзначае, што адмова ў судовай абароне па матывах адсутнасці, непаўнаты, супярэчлівасці, няяснасьці нарматыўнага акта не дапускаецца.
«У склаўшыхся абставінах у распараджэнні актывістаў не было якіх-небудзь эфектыўных сродкаў прававой абароны, якія дазваляюць аспрэчыць у незалежнай і бесстаронняй судовай інстанцыі ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, што, несумненна,прывяло яшчэ і да парушэння іх права на справядлівае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом», - адзначыў юрыст.