Як паведамляе БАЖ, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу гомельскай журналісткі Наталлі Крывашэй і накіраваў ураду Беларусі запыт для атрымання каментару па пытаннях парушэння права на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі.
Адпаведнае паведамленне на гэты конт атрымаў з КПЧ ААН афіцыйны прадстаўнік журналісткі, праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які вядзе справу Наталлі Крывашэй на міжнародным узроўні.
У чэрвені 2015 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў Крывашэй датычнай да падрыхтоўкі разам з журналістам-фрылансерам Кастусём Жукоўскім відэасюжэта “Самагубства выкладчыцы”, які быў паказаны 15 красавіка ў праграме “Аб’ектыў” спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” (Польшча).
У ім распавядалася пра суіцыд выкладчыцы Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Францішка Скарыны, кандыдата філалагічных навук Святланы А. Як распавядалася ў сюжэце, яна здзейсніла самагубства, бо баялася застацца без кватэры. (Жылы дом, у якім жыла выкладчыца з дзецьмі, кіраўніцтва ўніверсітэта перааформіла ў інтэрнат, узаконіўшы гэта праз эканамічны суд. Жывеш у ім — пакуль працуеш ва ўніверсітэце).
За згаданы відэасюжэт суддзя Марына Дамненка пакарала Наталлю Крывашэй максімальным штрафам (9 мільёнаў недэмінаваных рублёў) на падставе ч. 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі пры беларускім Міністэрстве замежных спраў.
Журналістка абскарджвала штраф у вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі, але справядлівасці не дамаглася. Таму далей звярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Як распавёў Леанід Судаленка, на разглядзе ў гэтай аўтарытэтнай міжнароднай структуры знаходзяцца таксама скаргі на штрафы за журналісцкую дзейнасць Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай з Гомеля, а таксама Тамары Шчапёткінай з Бярозы і Аляксандра Буракова з Магілёва.
Крыніца: Камітэт па права чалавека ААН зарэгістраваў скаргу беларускай журналісткі