Агулам па дзвюх адміністрацыйных справах на 40 базавых велічыняў аштрафаваў Глыбоцкі раённы суд 11 красавіка незалежнага журналіста Змітра Лупача.
Працэс вёў суддзя Станіслаў Трапук.
Па інфармацыі Беларускага Радыё Рацыя, Змітра Лупача судзілі па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і па частцы 1 артыкула 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). У першым выпадку журналіста судзілі за сюжэт на тэлеканале “Белсат”, у другім – за тое, што пры адзначэнні Дня Волі ўзняў бел-чырвона-белы сцяг. Як напісалі міліцыянты ў пратаколе, такім чынам ён публічна выказаў свае палітычныя інтарэсы ў сувязі з гадавінай дня ўтварэння БНР.
Суддзя Станіслаў Трапук напачатку агучыў, што па першай справе Змітра штрафуе на 36 базавых велічыняў, па другой – на 10, а ў сукупнасці шляхам частковага складання будзе 40 базавых велічыняў, што складае 1020 рублёў.
Зміцер Лупач каментуе зніжку ад суддзі наступным чынам:
– Можа, усё ж асоба суддзі нешта значыць, бо, наколькі я ведаю, пра яго ў нас заўсёды добра адзываліся, самы паважаны з глыбоцкіх суддзяў. Ён доўгі час быў старшынём суда ў Глыбокім. Магчыма, і таму. Я ведаю, што яго прызначылі, калі мяне памяць не падманвае, у 1993 годзе старшынём суда. І якраз пад гэтым сцягам ён судзіў людзей.
Напрыканцы судовага пасяджэння суддзя Станіслаў Трапук сказаў, што ў Глыбоцкі РАУС будзе накіраваны ліст наконт недахопаў, якія былі выяўленыя пры разглядзе справы. А распачалі справы на журналіста Змітра Лупача і перадалі іх у суд лейтэнант міліцыі Віктар Гірын і капітан міліцыі, старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Ён, дарэчы, быў у якасці сведкі разам з курсантам міліцыі Аляксеем Юргелем па справе, якую распачаў на журналіста лейтэнант глыбоцкай міліцыі Віктар Гірын. Падчас адзначэння Дня Волі глыбоцкімі актывістамі Сяргей Цырбан разам з іншымі міліцыянтамі здымаў іх на відэакамеру.