Яўген Скрабец. Фота: baj.by Суд Ленінскага раёна г. Брэста 11 красавіка разглядзеў чарговую адміністрацыйную справу журналіста Яўгена Скрабца па арт. 22.9 КаАП (за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі). У адміністрацыйным пратаколе пазначаецца “узяў інтэрв’ю без акрэдытацыі, чым парушыў правы і абавязкі журналіста замежнага СМІ”.

Пратакол па справе Скрабца суд ужо двойчы адпраўляў на дапрацоўку. Тэрміны разгляду справы сканчваюцца праз 9 дзён.

Суддзя па справе журналіста — Аляксандр Семянчук. Гэты ж суддзя разглядае крымінальную справу берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса.

“Я быў у музеі. Зрабіў здымак караля экспаната. Узяў каментар у археолага і выкладчыка Аляксандра Башкова пра выстаўлены арыгінал. Пазней зрабіў анонс і памясціў са здымкам у сеціве. Якім чынам з’явіўся артыкул на Рацыі не ведаю. Я асабіста інфармацыю пра выставу на сайт не ставіў і не прадастаўляў. Нават не маю паўнамоцтваў на гэта. Дырэктару музея я не прадстаўляўся як карэспандэнт Радыё Рацыя”, — распавёў Яўген на судзе.

Сведкамі па справе выступілі археолаг і выкладчык Аляксандр Башкоў і дырэктар Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.

У выніку суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў журналіста на 30 базавых велічыняў (765 рублёў).

Акрамя таго, у пятніцу, 13 красавіка, журналіста чакае чарговы судовы разгляд па гэтым жа артыкуле 22.9 КоАП. Ён тычыцца матэрыяла, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя 20 лютага пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”. Пратакол па гэтай справе адзін раз адпраўлялі на дапрацоўку.

Крыніца: Брэст: суд змог аштрафаваць журналіста толькі на трэці раз