Праваабаронца Павел Левінаў прасіў Вярхоўны суд разгледзець пытанне аб прафесійнай прыдатнасці віцебскага суддзі Іллі Белавуса (суд Кастрычніцкага раёну), які нарабіў шмат памылак і хібаў у адной з пастановаў па адміністрацыйнай справе. Віцебскі аблсуд паабяцаў, што парушэнні судздзі адаб’юцца ня ягонай прэміі.
Як паведамляе "Віцебская Вясна", Павал Левінаў паведаміў у Вярхоўны суд, што суддзя Ілля Белавус у пастанове ад 14 сакавіка 2019 году сказіў прозвішчы пацярпелых (“Круглікаў” замест “Круглік” і г.д.), а адной з іх нават “змяніў” пол. Праваабаронца прасіў разгледзець пытанне ад прафесійнай прыдатнасці суддзі Кастрычніцкага суду Віцебску Іллі Белавуса.
На зварот у Вярхоўны суд адказалі з Віцебскага абласнога суду. Першы намеснік старшыні аблсуду Анатоль Фаменка прызнаў, што “пры вырабе пастановы суддзём Белавусам. І.У. былі зробленыя тэхнічныя апіскі ў прозвішчах пацярпелай і сведкаў”.
“Парушэнне, зробленае суддзём Белавусам І.У., будзе ўлічанае пры яго штомесячным прэміяванні”, – гаворыцца ў адказе з абласнога суду.
Апіскі і памылкі ў пастанове абяцаюць выправіць.
Нагадаем, суддзя Ільля Белавус 11 красавіка пакараў штрафам віцябляніна Ўладзімера Кійко за фатаграфаванне зь бел-чырвона-белым сцягам. У лютым 2018 году менавіта гэты суддзя разглядаў справу, распачатую ў дачыненні віцебскіх журналістаў-фрылансераў Віталя Скрыля і Ўладзімера Лунёва. Белавус аштрафаваў іх агулам на 1200 рублёў – за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. На погляд праваабаронцаў, гэтыя справы мелі палітычны характар.
Крыніца: Павал Левінаў пазбавіў прэміі віцебскага суддзю Белавуса?