Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", былому палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
“Зміцер, здаецца, з 10 красавіка знаходзіцца ў Навінках, сёння занесла яму перадачу", – распавяла сайту palitviazni.info сяброўка Паліенкі Наста Гусева.
Па звестках, якія распаўсюдзіў Следчы камітэт, Зміцеру Паліенку выстаўлена абвінавачванне па трох артыкулах: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).
Зараз актывіст анархісцкага руху застаецца пад вартай, у дачыненні да яго прызначаная стацыянарная судова-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.
"Ад яго няма асаблівых навін, бо лісты, што піша Зміцер, мне практычна не даходзяць. З дзесятка прыйшлі толькі два, а ў Навінкі і наогул пісаць нельга”, - паведамляе Наста Гусева.
Па яе словах, у гэты ж час на Змітра працягваюць заводзіць адміністрацыйныя справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і павесткі яму прыходзяць на дамашні адрас цэлымі пачакамі.
“Што датычыцца тэрмінаў знаходжання Зміцера ў Навінках, то гэта дакладна невядома”, – дадае Наста Гусева.
Крыніца: Зміцера Паліенку накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі