У мінулым верасні на полі пад Маладзечна загінула 13-гадовая школьніца Віка Папчэня — дзяўчына трапіла пад грузавік. 22-гадовы кіроўца быў прысуджаны да 3 гадоў «хіміі». Але на гэтым справа не скончылася. Сёння на лаве падсудных — настаўніцы дзяўчыны, якія ў той злашчасны дзень былі з ёю «на бульбе».
Па інфармацыі "Нашай Нівы", Ірыну Апанасевіч і Вольгу Завадскую абвінавачваюць у «неналежным выкананні абавязкаў па забеспячэнні бяспекі малалетняга, што прывяло да яго смерці». Жанчынам пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Апанасевіч і Завадская не знаходзяцца пад вартай. Жанчыны працягваюць працу ў маладзечанскай школе нумар 11. 45-гадовая Ірына Апанасевіч выкладае фізіку, 34-гадовая Вольга Завадская — французскую мову.
Па версіі пракурора, настаўніцы не забяспечылі патрэбны кантроль за дзецьмі на полі, у выніку гэтага дзяўчынка і трапіла пад грузавік.
Ірына Апанасевіч прызнала сваю віну цалкам. Вольга Завадская — таксама.
Крыніца: Настаўніцы школьніцы, якая загінула на ўборцы бульбы, цалкам прызналі віну