17 красавіка карэспандэнтка “Газеты Слонімскай” Крысціна Саладуха па заданні рэдакцыі прыйшла ў райвыканкам, каб паглядзець і сфатаграфаваць экспазіцыю праекта жыллёвай забудовы шматпавярховых дамоў на праспекце Незалежнасці ў Слоніме, паведамлея Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Прэзентацыя праекта адбылася напярэдадні. Аднак далей паста аховы журналістку недзяржаўнага выдання ў будынак не пусцілі.
"Наведнікаў з фотатэхнікай мы ў выканкам не пускаем", — катэгарычна заявіла супрацоўніца службы аховы.
На тлумачэнне карэспандэнткі, што яна на працы і мае заданне сфатаграфаваць экспазіцыю праекта новай забудовы, ахоўніца адказала, што ўсё адно не мае права яе прапусціць, а прайсці з фотаапаратам журналіст можа толькі пад адказнасць кагосьці з выканкамаўскіх работнікаў.
"Яна некалькі разоў тэлефанавала на два нумары начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Тамары Ямелінай, але тая не падняла трубку. У выніку ахоўніца заявіла, што без яе мяне не прапусціць", — распавяла Крысціна Саладуха.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі карэспандэнтаў недзяржаўнай рэгіянальнай “Газеты Слонімскай” не пускаюць у памяшканне мясцовай адміністрыцыі з фота- і відэатэхнікай супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Штораз журналістам альбо ўдаецца патрапіць у будынак са сваім працоўным інструментам з ласкі выканкамаўскіх адказных асобаў, альбо, як у апошнім выпадку, не.
Нядопуск журналісткі з фотаапаратам 17 красавіка выглядае наогул абсурдным. У распаўсюдзе інфармацыі пра новую забудову ў горадзе, здаецца, павінны быць зацікаўленыя ўсе, бо мясцовымі ўладамі аб’яўленае грамадскае абмеркаванне гэтага праекта цягам месяца. А на выканкамаўскім сайце змешчаная інфармацыя, што азнаёміцца з экспазіцыяй праекта можна з 9-га па 23-е красавіка ў кабінеце № 527 Слонімскага райвыканкама.
Крыніца: Журналістка прыйшла сфатаграфаваць праект, а яе нават не пусцілі ў райвыканкам