18 красавіка ў судзе Мінскага раёна ў 10 гадзін раніцы пачаліся разгляды справаў абаронцаў Курапатаў. Першым судзяць Валерыя Рабцава, ён бароніць сябе сам.
Справу разглядае суддзя А. Казлова. Валерыя Рабцава вінавацяць у "дробным хуліганстве" (арт. 17.1 КаАП), якое ён нібыта ўчыніў 4 красавіка ва ўрочышчы Курапатаў. Актывіст заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб выкліку сведкі.
Пасля перапынку Валеры Рабцаў распавёў у судзе, што ён прыехаў у Курапаты, каб даведацца ці ёсць у арганізацыі "Заславль Строй Індустрыя" дазвол на знос крыжоў. Адзначае, што не мог знаходзіцца фізічна ў 11.30 у месцы складання пратакола, як гэта ў ім запісана. Валеры Рабцаў здымаў на тэлефон затрыманне людзей, але неўзабаве да яго падскочыў супрацоўнікі ў цывільным, выхапілі тэлефон, выдалілі відэа і скінулі наладкі да заводскіх. Рабцаў адзначае, што бачыў, як супрацоўнікі затрымлівалі Ніну Багінскую, Віталя Трыгубава. Да яго падышлі моўчкі ззаду, выбілі тэлефон, скруцілі, кінулі ў аўтобус. Хто круціў, актывіст не бачыў. Пасля гэтага яго пратрымалі дзевяць гадзін ў міліцэйскім участку і потым адправілі на ІЧУ.
У 11 гадзін пачнецца суд над 72-гадовай Нінай Багінскай.
Пасля абеду будуць разглядаць:
у 14.00 - справу Зміцера Дашкевіча
у 15.00 - справу Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава
у 16.00 - справу Паўла Севярынца
у 16.30 - справу Валянціны Яроменак
Нагадаем, раніцай 4 красавіка стала вядома, што ў Курапатах прадстаўнікі Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу масава зносяць крыжы. Абаронцаў мемарыяла, якія абурыліся такімі дзеяннямі, супрацоўнікі міліцыі пачалі масава затрымліваць. Некаторых актывістаў пасля ўтрымання ва УУС Мінскага раёна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Крыніца: У Мінску судзяць абаронцаў Курапатаў