Як паведамляе праваабаронца "Вясны" з Брэста Уладзімір Вялічкін, усе суды над праціўнікамі акумулятарнага завода, якія мусілі адбыцца сёння, 18 красавіка, перанесены на 24,25 і 26 красавіка.
Па меркаванні Вялічкіна, перанос звязаны з тым, што іншы берасцейскі праваабаронца Уладзімір Малей быў на прыёме ў старшыні Берасцейскага абласнога суду, дзе ўзняў тэму ганебнай сітуацыі, што склалася вакол Ленінскага раённага суду. А менавіта размова тычылася эпізода з "адкрытым" судом ў закрытай ўстанове - Ленінскім РАУС.
Пасля гэтай сустрэчы сакратарка суддзі Аляксандра Семянчука абзваніла ўсіх каму судовыя разбіральніцтвы былі прызначаныя на 18 красавіка і перанесла разгляд адміністрацыйных спраў па артыкуле 23.34 КаАП на 24, 25, 26 красавіка.
Нагадаем, што ў пятніцу 12 красавіка і ў нядзелю 14 красавіка ў Брэсце было затрыманы 18 актывістаў - праціўнікаў будаўніцтва ў горадзе акумулятранага завода. Затрыманыя правялі адну ці некалькі начэй у ізалятары, а ў панядзелак 15 красавіка іх спрабавалі судзіць прама ў будынку Ленінскага РАУС. У той дзень па артыкуле 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўздзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) асудзілі двух чалавек - Нікалая Трацюка і Алега Ярмоленку. Суды над астатнімі затрыманымі былі перанесены на розныя даты.
Крыніца: Брэст: усе суды з 18 красавіка перанесены на наступны тыдзень