У пятніцу 19 красавіка са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу звярнецца Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Як паведамляецца на сайце агенцтва «Мінск-Навіны» пачатак прамой трансляцыі запланавана на 10:30 у пятніцу на тэлеканале «Беларусь-1».
Аднак, як стала вядома, журналісты незалежных медыя Беларусі не атрымалі акрэдытацыі.
«Заўтра на пасланні Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента не знайшлося месца ў зале незалежным журналістам, якія з'яўляюцца афіцыйна акрэдытаванымі для працы на пасяджэннях Нацыянальнага сходу РБ», — піша ў фэйсбуку грамадскі дзеяч Павел Белавус.
Вядома, што акрэдытацыі не атрымалі журналісты Зміцер Лукашук з «Еўрарадыё», Таццяна Каравянкова з Naviny.by, Ульяна Бабаед з TUT.BY. Іх прозвішчы не узгадніла прэс-служба Прэзідэнта на чале з прэс-сакратаром Прэзідэнта Беларусі Наталляй Эйсмант.
"Як высветлілася, я вельмі вялікі і займае шмат месца. Да такой высновы прыйшлі прэзідэнцкія служба бяспекі і прэс-служба. І сказалі, што з-за недахопу месца, мне адмовілі ў акрэдытацыі на выступ кіраўніка Беларусі з пасланнем да народа і парламента. Адбывацца усё будзе, на хвілінку, у Палаце прадстаўнікоў. І мне там не хапіла месца," — каментуе ў фэйсбуку адмова ў акрэдытацыі Зміцер Лукашук.
Таксама журналіст піша, што яму паведамілі ў прэс-службу, што на штогадовае Пасланне акрэдытаваныя журналісты з дзяржаўных СМІ і 20 рэгіянальных.
Крыніца: Незалежных журналістаў не акрэдытавалі на штогадовае Пасланне Прэзідэнта