Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае судовы пераслед сябра ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна, а таксама 17 экалагічных актывістаў, якія былі затрыманыя 12 і 14 красавіка ў межах пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.
Уладзімір Вялічкін быў затрыманы ў Ленінскім РАУСе г. Брэста, пасля таго, як яго, разам з дзевяццю іншымі экалагічнымі актывістамі, выклікалі ў міліцыю ў якасці сведак па адміністрацыйнай справе. Двое актывістаў былі вызваленыя праз некалькі гадзін. Іншыя правялі тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання.
Яшчэ восем пратэстоўцаў былі затрыманыя 14 красавіка падчас акцыі супраць будаўніцтва завода, якая адбылася на плошчы Леніна.
Паводле атрыманай інфармацыі, Уладзімір Вялічкін і большасць іншых актывістаў былі затрыманыя паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Абвінавачванні звязаныя з акцыяй, якая прайшла ў цэнтры Брэста 7 красавіка 2019 года. Слуханні па справах усіх 18 актывістаў прайшлі ў памяшканні Ленінскага РАУСа 15 красавіка. Журналістам і праваабаронцам не дазволілі прысутнічаць на слуханнях у якасці назіральнікаў. У выніку, суд адклаў разгляд справаў затрыманых. Тры актывісты былі аштрафаваныя.
Абсерваторыя нагадвае, што гэта не першае затрыманне для Уладзіміра Вялічкіна, а таксама іншых берасцейскіх актывістаў, і што іншыя праваабаронцы пацярпелі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць будаўніцтва завода, у прыватнасці Раман Кісляк. Яна падкрэслівае, што беларускае заканадаўства парушае права на свабоду мірных сходаў праз неабгрунтаваныя забароны на правядзенне мірных сходаў без дазволу. Улады Беларусі рэгулярна адхіляюць заяўкі аб правядзенні мірных сходаў, звязаных з практычна любымі правамі чалавека ці іншымі сацыяльнымі праблемамі. Адмовы не тлумачаць прычыны або спасылаюцца на закон, які патрабуе ад арганізатараў забяспячэння медыцынскай дапамогі ў час мерапрыемства і прыборкі месца правядзення акцыі пасля яе заканчэння.
Нагадаем, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў была створана ў 1997 годзе як сумесная праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT). Мэтай праграмы з'яўляецца ўмяшальніцтва дзеля прадухілення або ліквідацыі рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў.
Крыніца: Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае пераслед берасцейскіх актывістаў