Атрымала працяг гісторыя з таямнічым знікненнем полацкага актывіста і блогера Алеся Круткіна, пра якую паведамлялі праваабаронцы "Вясны" 18 красавіка. Тады было вядома, што ад Круткіна, які актыўна заклікаў мінчукоў на малебен у абарону Курапатаў 15 красавіка ля рэзідэнцыі прэзідэнта, некалькі дзён не была ніякіх звестак. На сувязь з сябрамі ён не выходзіў, на паведамленні не адказваў.
Сам Круткін, кажа, што ён проста "сыйшоў на 6 дзён у падполле", бо баяўся затрымання за заклікі да правядзенення акцыі ў Мінску.
А ў суботу 20 красавіка актывіст вырашыў выехаць у Берасце, каб далучыцца да нядзельнага мітынгу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода.
Пра далейшае развіццё падзей Круткін напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
"У суботу, 20.04., спрабаваў выехаць аўтастопам на мітынг у Брэст, але затрымалі на шашы пад Полацкам… Адабралі тэлефон і завезлі ў Полацкі РАУС. Потым сядзеў 2 сутак у камеры, а 22 красавіка ў судзе мне прысудзілі 15 базавых па артыкулу 23.34 КаАП (частка 2). Два маіх мабільных тэлефоны арыштавалі да выплаты штрафу".
Круткін таксама паведамляе, што ў камеру ІЧУ, дзе яго ўтрымлівалі, прыходзіў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Віцебскага аблвыканкама падпалкоўнік Вячаслаў Пяткун, а праз нейкі час і
начальнік Полацкага РАУС палкоўнік Леў Казарян, які настойліва прасіў яго “не муціць ваду ў яго на раёне”.
Крыніца: Затрыманне, ізалятар і штраф: полацкі актывіст не даехаў да Берасця на мітынг