Арганізатары Дня волі на мітынгу-канцэрце ў Кіеўскім скверы. 24 сакавіка 2019 г. Фота: Радыё Свабодаю Аплата паслуг аховы грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў робіцца рэальнай праблемай для іх арганізатараў і ставіць правядзенне саміх мерапрыемстваў пад пагрозы.

Так, арганізатары "Чарнобыльскага шляху" атрымалі дазвол на правядзенне традыцыйнага шэсця да Чарнобыльскай капліцы 26 красавіка. Аднак з важнай умовай: яны мусяць аплаціць каля 7500 рублёў за паслугі міліцыі.

Арганізатары шэсця нязгодныя з гэтай сумай, бо, па-першае, дзейнасць міліцыі і так фінансуецца з дзяржбюджэта, а па-другое, часам дзеянні міліцыянтаў падчас масавага мерапрыемства – гэта не ахова грамадзян, а наадварот, небяспека для іх. Аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху” прызнаецца, што не мае магчымасці аплаціць названую суму і 24 красавіка збіраюцца на сустрэчу з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама, каб паспрабаваць вырашыць канфліктную сітуацыю.

Дарэчы, небяспека з боку міліцыі, якая насамрэч мусіць ахоўваць грамадскі парадак, стала галоўным аргументам для скаргі арганізатараў іншага палітычнага масавага мерапрыемства – святкавання Дня волі ў Кіеўскім скверы Мінска. Арганізатары адмовіліся аплочваць паслугі міліцыі на суму 6375 рублёў, бо лічаць іх няякаснымі (з-за затрыманняў удзельнікаў падчас мітынгу-канцэрту), і накіравалі прэтэнзію ў УУС на парушэнне дамовы. І хоць адказу на скаргу арганізатары мінскага Дня волі яшчэ не атрымалі, на іх ужо склалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства (ч.2 арт. 23.34 КаАП). Судовыя паседжанні па гэтай адміністрацыйнай справе мусяць адбыцца 29 красавіка.

Варта адзначыць, што пад дзеянне пастановы трапілі не толькі арганізатары палітычных мерапрыемстваў. Амаратскія спартовыя ініцыятывы пры правядзенні сваіх мерапрыемстваў (велагонкі, забегі, аматарскія спаборніцтвы і г.д.) таксама мусяць аплочваць паслугі міліцыі па новых тарыфах, калі яны не праводзяцца ў суарганізатарстве з мясцовымі ўладамі.

Усе гэтыя прыклады яшчэ раз паказваюць, што змены ў закон “Аб масавых мерапрыемстваў”, якія ўступілі ў сілу тры месяцы таму, ніяк не паляпшаюць сітуацыю са свабодай мірных сходаў у Беларусі. Болей за тое, яны ствараюць непасільныя ўмовы для арганізатараў масавых мерапрыемстваў, адзначае праваабаронца ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

“Апошняя сітуацыя з “Чарнобыльскім шляхам” стала своеасаблівай квінтэсэнцыяй праблемы ўскладання выдаткаў па правядзенні мірных сходаў на іх арганізатараў. Гэта, дарэчы, адна з нашых традыцыйных падставаў для крытыкі закона “Аб масавых мерапрыемствах”.

Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася з прыняццём зменаў у закон і ўступленнем у сілу адпаведнай Пастановы Саўміна №49, якая ўстанаўлівае тарыфы на аплату выдаткаў. Таксама, згодна з Пастановай, калі арганізатары масавага мерапрыемства хочуць правесці яго не ў спецыяльна прызначаным для гэтага месцы, то пры разліку сумы аплаты паслуг прымяняецца павышаючы каэфіцыент. У выніку канчатковая сума можа дасягаць некалькіх тысячаў еўра”.

На думку Валянціна Стэфановіча, такія ўмовы з’яўляюцца рэальнай перашкодай для рэалізацыі грамадзянамі свайго права на мірныя сходы. Праваабаронцы асуджаюць такі падыход і патрабуюць ад уладаў прывесці заканаадаўства аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў гэтай галіне.

“Усе выдаткі на працу міліцыі, хуткай дапамогі, на паслугі па прыборцы тэрыторый мусяць пакрывацца за кошт бюджэта, а не брацца з кішэні арганізатараў”, - канстатуе праваабаронца.

Крыніца: Правядзенне мірных сходаў пад пагрозай: кошты за паслугі міліцыі непад'ёмныя