65 беларускіх і замежных праваабаронцаў падпісаліся пад зваротам на імя міністраў замежных і ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і Ігара Шуневіча з патрабаваннем дазволіць Алене Танкачовай неадкладна вярнуцца ў Беларусь і выключыць яе са спіса асоб, уезд якім у краіну забаронены.
Адпаведная рэзалюцыя была прынятая падчас паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці, які адбыўся 4 ліпеня ў Менску напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Зварот падпісаў у тым ліку спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці.
Дакумент 5 ліпеня перададзены ў МЗС і МУС, паведамляе БелаПАН.
Праваабаронцы Алене Танкачовай, якая мае расейскае грамадзянства, забаронена ўязджаць у Беларусь да лютага 2018 года.
МУС Беларусі без тлумачэння прычын неаднаразова адмаўлялася скараціць гэты тэрмін. Фармальнай прычынай для высылкі Танкачовай стала ўчыненне ёю на працягу года пяці правапарушэнняў. Гаворка ідзе аб нязначным перавышэнні хуткасці (на 10-20 км/гадз), але праваахоўнікі матывавалі свае дзеянні інтарэсамі „грамадскага парадку”. Пры гэтым перавышэнне хуткасці руху не разглядаецца беларускім заканадаўствам як пагроза грамадскаму парадку. Акрамя таго, у справе маюцца здымкі, на якіх намаляваны толькі задні нумар аўтамабіля, таму немагчыма сцвярджаць, што ва ўсіх выпадках фіксацыі за рулём была менавіта праваабаронца. Танкачова, будучы грамадзянкай Расейскай Федэрацыі, больш за 20 гадоў пастаянна пражывала ў Беларусі і сур’ёзных праблем з законам не мела.
Менавіта таму юрысты, якія аналізавалі яе справу, кажуць пра тое, што ў гэтым выпадку высылка з’яўляецца празмерным умяшаннем у асабістае і сямейнае жыццё з улікам малазначнасці правапарушэння. На думку самой праваабаронцы і яе калегаў, рэальнай прычынай высылкі стала яе прафесійная дзейнасць. З 1996 года Алена Танкачова займаецца абаронай правоў чалавека. Яна з’яўляецца старшынёй праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі. Пасля высылкі з Беларусі пераехала ў Літву.
Крыніца: "Патрабуем дазволіць вярнуцца ў Беларусь Алене Танкачовай!"