Нечаканы працяг атрымала гісторыя збітага супрацоўнікамі міліцыі жыхара Фаніпаля Сяргея Ткачэнкі. Пасля таго, як Дзяржынскі аддзел Следчага камітэту адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў, Ткачэнка з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны” падаў скаргу на імя начальніка Дзяржынскага РАСК, паколькі палічыў праведзеную следчымі праверку няпоўнай і павярхоўнай.
Ранейшую пастанову адмянілі, а чарговая “праверка” пачалася 3 ліпеня. Да Сяргея Ткачэнкі і ягонай жонкі Веранікі па месцы іх працы, з інтэрвалам у адну гадзіну на аўтамабілі “Лада-Каліна” завіталі два супрацоўнікі УУС Мінаблвыканкама, апранутыя ў цывільную форму адзення. Настойліва запрасілі сесці ў аўтамабіль і пачалі распытваць.
Аднак пытанні тычыліся не столькі скаргі з нагоды жорсткага і бесчалавечнага абыходжання да С. Ткачэнка з боку супрацоўнікаў Фаніпальскага аддзялення міліцыі; па вялікім рахунку супрацоўнікаў міліцыі больш цікавілі сувязі Веранікі Ткачэнка з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", а менавіта: ці сустракалася яна з кім-небудзь з гэтай арганізацыі, ці ведае яна іх у твар, хто з названых асоб аказваў дапамогу ў складанні скаргі на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, хто параіў звярнуцца па дапамогу ў ПЦ "Вясна".
Таксама супрацоўнікаў цікавіла інтэрв'ю С. Ткачэнка тэлеканалу «Белсат» ад 28 чэрвеня 2017 года. Усю размову з мужам і жонкай аператыўнікі запісвалі на відэакамеру.
А фінал гэтага апытання быў проста феерычны – у Сяргея Ткачэнкі запыталіся, ці гатовы ён пайсці на прымірэнне з крыўдзіцелямі.
Нагадаем, Сяргей Ткачэнка 9 траўня атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія ня пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Колькасць і лакалізацыя цялесных пашкоджанняў згодна з заключэннем эксперта № 26-19-2.1-7/279 ад 18 траўня 2017 года, сведчаць аб тым, што апошняму прычынена не менш 26-ці траўматычных уздзеянняў. Апытаныя ў ходзе перашапачатковый праверкі супрацоўнікі міліцыі адмаўлялі прымяненне фізічнай сілы і нанясенне цялесных пашкоджанняў Ткачэнку.
Такую форму “апытання” жыхар Фаніпаля палічыў псіхалагічным ціскам і падаў скаргу на імя пракурора Дзяржынскага раёна. Сяргей Ткачэнка просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання, устанавіць асобы дадзеных супрацоўнікаў і прыцягнуць іх да адказнасці за ціск на сям'ю у рамках пазапрацэсуальных зносінаў.
Крыніца: Збітага міліцыянтамі жыхара Фаніпаля распытвалі пра сувязі з “Вясной”, прасілі прымірэння