1 траўня ў розных краінах святкуюць Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, а ў Беларусі Дзень працы. Гэтая падзея заўжды суправаджалася мітынгамі, дэманстрацыямі, барацьбой за выкананне правоў працоўных людзей, альбо знакамі салідарнасці з усімі працоўнымі ў свеце. Дзякуючы намаганням мінулых пакаленняў мы маем норму працы – 8-гадзінны працоўны дзень ды іншыя гарантыі на працоўным месцы. З нагоды Дня працы "Асамблея НДА Беларусі" распавяла пра беларускія незалежныя прафсаюзы, ды іх асноўную дзейнасць – адстойванне правоў працоўных.
Што такое прафсаюз?
Прафсаюз – гэта абʼяднанне, створанае для таго, каб прадстаўляць і абараняць правы сябраў арганізацыі ў працоўных адносінах ды іх сацыяльна-эканамічныя інтарэсы.
У амаль кожнага прадпрыемства ёсць прафсаюз, і ўва ўсіх сябраў прафсаюзу з заробку ўтрымліваюцца сродкі на яго існаванне. Калі вы, вашыя бацькі ці знаёмыя уваходзілі ў прафсаюз, то, хутчэй за ўсё, атрымлівалі квіткі ў тэатр, на канцэрт Аляксандра Саладухі і зніжкі на пуцёўкі ў летнікі і санаторыі.
Ці займаюцца дзяржаўныя прафсаюзы абаронай правоў сваіх сябраў? Так склалася ў нашай краіне, што парушаныя правы працоўных абараняюць у асноўным незалежныя прафсаюзы.
У чым розніца паміж дзяржаўным і незалежным прафсаюзам?
І тыя, і тыя прафсаюзы дзейнічаюць па аднаму заканадаўству Беларусі. Але ў незалежных прафсаюзаў ёсць адзін дадатковы пункт: у іх не могуць уступіць наймальнікі, якія маюць магчымасць спагнання, пакарання ці звальнення іншых супрацоўнікаў. То бок, дырэктары, кіраўнікі, топ-мэнэджэры. У дзяржаўных прафсаюзах дырэктары з'яўляюцца сябрамі прафсаюзаў, што часта перашкаджае прыняццю абʼектыўных рашэнняў пры парушэнні правоў працоўных.
Якія незалежныя прафсаюзы ў Беларусі існуюць?
1) БЕЛАРУСКІ НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ
Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў ды іншых супрацоўнікаў. Прафсаюз быў заснаваны ў 1991 годзе на хвалі пратэстаў салігорскіх шахцёраў і зараз мае каля 6000 сябраў. Галоўны офіс знаходзіцца ў Салігорску і кансультуе ўсіх жадаючых. Арганізацыі прафсаюзу дзейнічаюць ў Салігорску, Наваполацку, Мазыры, Горадні, Бабруйску.
Падпісацца на навіны БНП можна ў сацсетках: VK, FB, Аднакласнікі
РЭП – прафсаюз для абароны правоў і інтарэсаў супрацоўнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ды іншых сфэраў працы. Таксама арганізацыя абараняе правы навучэнцаў, пэнсіянэраў і звольненых супрацоўнікаў.
Паспяхова дзейнічае ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Віцебску, Горадні, Магілёве і Салігорску. Але калі вы жывяце ў іншым месцы, з'вяртайцеся ў бліжэйшы горад – усе кантакты ёсць на сайце прафсаюзу.
Падпісацца на навіны прафсаюза РЭП можна ў сацсетках: VK, FB, Аднакласнікі
3) СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ БЕЛАРУСКІ
Абараняе правы супрацоўнікаў і навучэнцаў усіх сфэраў дзейнасьці. Актыўна дзейнічае ў Полацку і Наваполацку, мае прадстаўніцтвы ў Мінску, Брэсце, Магілёве.
4) СВАБОДНЫ ПРАФСАЮЗ МЭТАЛІСТАЎ
Абараняе правы працоўных, чыя прафэсійная дзейнасць звязаная з мэталам. Офіс знаходзіцца ў Мінску.
Гэтыя прафсаюзы ўваходзяць у склад Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў – арганізацыі, якая каардынуе і абʼядноўвае дзейнасць усіх незалежных прафсаюзаў.
Як стаць сябрам недзяржаўнага прафсаюзу?
- Спачатку на сайце прафсаюзу варта азнаёміцца з яго Статутам і пагадзіцца.
- Націснуць кнопку “Ўступіць у прафсаюз” (на сайце Свабоднага прафсаюза мэталістаў ёсць кантакт для звароту).
- Запоўніць заяву, падпісаць і даслаць на мэйл прафсаюзу.Заяву разгледзяць і звяжуцца з вамі.
А што з унёскамі?
Унёскі ў любы прафсаюз (і ў дзяржаўны таксама) складаюць 1% ад заробку. Іх трэба плаціць раз на месяц.
У Беларускім незалежным прафсаюзе іх утрымліваюць з заробку: для гэтага запаўняецца форма на сайце і дасылаецца разам з заявай на ўступленне. Унёсак вылічваецца аўтаматычна, альбо гэта робіцца самастойна праз пералічэнне ці наяўнымі.
У Беларускім прафсаюзе РЭП унёсак аплачваецца праз сістэму «АРІП».
У Свабодным прафсаюзе Беларускім – можна заплаціць па ведамасці наяўнымі ці праз інтэрнэт-банкінг.
У якіх сітуацыях быць карысна сябрам прафсаюзу?
Ніхто не застрахаваны ад парушэнняў правоў на працы, скарачэнняў, затрымкі заробку – гэта можа здарыцца з кожным. Сябры незалежнага прафсаюзу атрымліваюць юрыдычныя кансультацыі, дапамогу ў звароце ў камісію па працоўных спрэчках ці судовыя органы.
Калі ў вас на працы ўсё добра, ёсць іншыя прычыны стаць сябрам прафсаюзу. Напрыклад, своечасовае інфармаванне сябраў арганізацыі пра:
- змены ў працоўным заканадаўстве;
- збор подпісаў пад петыцыямі;
- выкананне органамі ўлады працоўнага кодэксу;
- паспяховыя кейсы абароны правоў працоўных, якія з'яўляюцца вынікам вашай перамогі таксама, бо прафсаюзныя ўнёскі ідуць на абарону працоўных, чые правы былі парушаныя.
Асноўныя сферы парушэння правоў на працы: умовы працы (небяспека, пагроза здароўю і г.д), заробкі, звальненні, пакаранні, дыскрымінацыя на працы, графікі адпачынку, бальнічныя, дэкрэтны адпачынак, выкананне працоўных дамоваў і кантрактаў.
Калі разглядаць культурніцкую ды адукацыйную функцыю, то арганізацыям, якія падпісалі дамовы з незалежнымі прафсаюзамі, прапануюць квіткі на розныя культурныя івэнты. Напрыклад, Незалежны прафсаюз гарнякоў на “Беларуськаліі” – квіткі ў Купалаўскі тэатар, паездкі на фэстывалі LidBeer і «Басовішча».
Крыніца: Якія незалежныя прафсаюзы існуюць у Беларусі і што яны даюць?