Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
- 18 красавіка суд Ленінскага р-на г. Брэста прысудзіў брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна да штрафу ў памеры 360 б.в. (9 180 рублёў або 4 381 долараў), прызнаўшы яго вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 КК (абраза). Таксама суд задаволіў грамадзянскія пазовы чатырох пацярпелых па справе — супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста на агульную суму 7 750 рублёў або 3 700 долараў. У сукупнасці па прысудзе С. Пятрухін павінен выплаціць 8 000 долараў;
- раней распачатая крымінальная справа ў дачыненні да яшчэ аднаго блогера з Гомельскай вобласці — Андрэя Павука — была спыненая. Аднак сама крымінальная справа, распачатая па ч. 1 арт. 340 (заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы) па факце фальшывага паведамлення аб мініраванні выканкама Акцябрскага р-на, нібыта адпраўленага з электроннага адрасу А. Павука у гомельскае абласное МНС, спынена не была, усё канфіскаванае ў рамках крымінальнай справы ў блогера абсталяванне яму не вернута:
- на працягу месяца праводзіліся следчыя дзеянні па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да блогера з брэсцкага рэгіёну, жыхара г. Бяроза, Аляксандра Кабанава. Нагадаем, што крымінальная справа ў дачыненні да А. Кабанава была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата).
- накіраваная ў Мінгарвыканкам шэрагам апазіцыйных сіл заяўка на правядзенне традыцыйнай дэманстрацыі “Чарнобыльскі шлях” была адкліканая арганізатарамі 25 красавіка па прычыне адсутнасці грашовых сродкаў на аплату выдаткаў, звязаных з яе правядзеннем. Агульная сума выдаткаў склала 5 737 рублёў або больш за 2 300 долараў;
- на працягу месяца працягваўся пераслед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;
- на працягу красавіка зафіксаваныя выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з’яўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў;
- зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і адміністрацыйных арыштаў грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў;
- актывіст Дзмітрый Паліенка знаходзіцца ў СІЗА г. Жодзіна, праз 16 сутак затрымання яму былі прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства), арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). ПЦ “Вясна” працягвае ўважліва сачыць за дадзенай крымінальнай справай;
- у цэлым у красавіку працягвалася пэўнае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і негатыўныя тэндэнцыі, якія намеціліся ў сакавіку, атрымалі сваё далейшае развіццё. Пры гэтым улады краіны па-ранейшаму спрабуюць пазбягаць прымянення жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі;
- падчас выступу з традыцыйным пасланнем парламенту А. Лукашэнка анансаваў правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у лістападзе гэтага года. Такім чынам паўнамоцтвы дзеючых дэпутатаў парламента скарачаюцца практычна на адзін год. У той жа час у адпаведнасці з арт. 93 Канстытуцыі Беларусі тэрмін паўнамоцтваў парламента — чатыры гады.
2 красавіка прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з сумеснай заявай у сувязі з крымінальным пераследам брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна, у якой заклікалі ўлады Беларусі неадкладна спыніць яго пераслед і зняць усе прад'яўленыя абвінавачванні.
18 красавіка суддзя суда Ленінскага раёна г. Брэста Аляксандр Семянчук вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 188 (паклёп) і ч. 2 арт. 189 (абраза) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў (9 180 рублёў або 4 381 долараў) — па 180 базавых велічыняў па кожным артыкуле. Суд задаволіў грамадзянскія пазовы пацярпелых. Пятрухіна абавязалі выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РАУС г. Брэста (Сяргею Ігнацюку, Дзмітрыю Якушэвічу, Ігару Галянцічу і Сяргею Токуну) у памеры 7 750 рублёў або 3 700 долараў. У сукупнасці па прысудзе блогер абавязаны выплаціць каля 8 000 долараў і судовыя выдаткі.
Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання прасіў суддзю прызначыць пакаранне па сукупнасці злачынстваў — абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у памеры 100 базавых велічынь.
Таксама на працягу месяца працягваліся следчыя дзеянні ў дачыненні да яшчэ аднаго блогера з брэсцкага рэгіёну — жыхара г. Бяроза Аляксандра Кабанава, у дачыненні да якога раней была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата).
Стала вядома, што з блогера Андрэя Павука знялі абвінавачванне па распачатай 20 сакавіка крымінальнай справе па ч. 1 арт. 340 КК па факце заведама фальшывага паведамлення аб мініраванні райвыканкама ў г.п. Акцябрскі, адпраўленага з IP-адраса, які належыць А. Павуку, у гомельскае абласное аддзяленне МНС.
Сама ж крымінальная справа не спынена. Следчыя працягваюць шукаць вінаватых, а канфіскаваную ў А. Павука ў рамках крымінальнай справы тэхніку не вярнулі. Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці паведаміла блогеру, што па канфіскаванай тэхніцы праводзяцца экспертныя даследаванні, па выніках якіх будзе прынята рашэнне аб вяртанні яе гаспадару.
2 красавіка ў машыне, за рулём якой ехаў брэсцкі экалагічны актывіст Майсей Мазько, знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запал выбуховага прыстасавання. Пазней Майсей Мазько і яго сын Дзяніс былі затрыманыя ў якасці падазраваных у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, выбуховых рэчываў і боепрыпасаў). У іх доме прадстаўнікамі праваахоўных органаў быў праведзены ператрус, у выніку якога не было знойдзена якіх-небудзь забароненых прадметаў. Праз трое сутак знаходжання ў ІЧУ Майсей і Дзяніс Мазько былі вызваленыя.
Жыхар вёскі Тэльмы Брэсцкага раёна Майсей Мазько з'яўляецца ўдзельнікам ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Родныя і блізкія актывіста Майсея Мазько, а таксама яго паплечнікі па барацьбе лічаць яго затрыманне правакацыяй.
У плыні месяца праводзіліся следчыя дзеянні па крымінальнай справе, узбуджанай у дачыненні да блогера з брэсцкага рэгіёна, жыхара г. Бяроза, Аляксандра Кабанава. Нагадаем, што крымінальная справа ў дачыненні да А. Кабанава была ўзбуджаная па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата). Ён падазраецца ў прысваенні перададзеных яму жыхарамі дома 440 рублёў у перыяд выканання ім абавязкаў старшыні таварыства ўласнікаў ў 2017 годзе. Справа была ўзбуджаная па заяве дзеючага супрацоўніка міліцыі, жыхара дадзенага дома.
Праваабаронцы ПЦ “Вясна” звязваюць затрыманні і ўзбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да актывістаў экалагічнага руху і блогераў у г. Брэста з жаданнем уладаў аказаць ціск на іх з мэтай недапушчэння акцый пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода альбо максімальнай іх мінімізацыі.
У месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Вялікую частку часу ён праводзіць у штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу ў сувязі з адмовай падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі, якія ставяць пад пагрозу жыццё, здароўе і годнасць зняволенага.
Ціск на праваабаронцаў
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла судовы пераслед сябра ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна, а таксама 17 экалагічных актывістаў, якія былі затрыманыя 12 і 14 красавіка ў рамках пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце.
Уладзімір Вялічкін быў затрыманы ў Ленінскім РАУС г. Брэста пасля таго, як яго разам з дзевяццю іншымі экалагічнымі актывістамі выклікалі ў міліцыю ў якасці сведак па адміністрацыйнай справе. Двое актывістаў былі вызваленыя праз некалькі гадзін. Іншыя, уключаючы Уладзіміра Вялічкіна, правялі тры дні ў ізалятары часовага ўтрымання.
Яшчэ восем пратэстоўцаў былі затрыманыя 14 красавіка падчас акцыі супраць будаўніцтва завода, якая прайшла на плошчы Леніна.
Уладзімір Вялічкін і большасць іншых актывістаў былі затрыманыя па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Абвінавачванні звязаныя з акцыяй, якая прайшла ў цэнтры Брэста 7 красавіка 2019 года.
Слуханні па справах усіх 18 актывістаў прайшлі ў памяшканні Ленінскага РАУС 15 красавіка. Журналістам і праваабаронцам не дазволілі прысутнічаць на слуханнях у якасці назіральнікаў. У выніку, суд адклаў разгляд спраў затрыманых. Тры актывісты былі аштрафаваныя.
Абсерваторыя нагадвае, што гэта не першае затрыманне Уладзіміра Вялічкіна, а таксама іншых брэсцкіх актывістаў, і што іншыя праваабаронцы пацярпелі за ўдзел у акцыях пратэсту супраць будаўніцтва завода, у прыватнасці Раман Кісляк.
Жорсткае абыходжанне
Маці загінулага ў 2016 годзе ў Жодзінскай турме №8 Алега Багданава атрымала чарговае, шостае па ліку, паведамленне аб спыненні папярэдняга расследавання крымінальнай справы: пяць папярэдніх былі адмененыя па скаргах Марыі Багданавай. Увесь гэты час яна дамагаецца, каб вінаваты ў смерці сына турэмны персанал панёс адказнасць за сваю халатнасць і неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, якое пацягнула смерць пацыента. Рыхтуецца чарговая скарга.
Жыхар Брэста Павел Камінскі, гісторыя якога стала вядомая дзякуючы блогеру Сяргею Пятрухіну, атрымаў адказ ад пракурора г. Брэста на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якіх ён абвінавачвае ў яго збіцці. З 3 ліпеня 2016 года пастановы следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянтаў неаднаразова адмянялі, але той зноў і зноў адмаўляў у паўнавартасным расследаванні акту міліцэйскага гвалту. Раней, у сакавіку, намеснік пракурора г. Брэста таксама адмовіў у скарзе па яўна надуманых падставах; пракурор нічога новага ў абгрунтаванне пазіцыі не дадаў. Адмову ў паўнавартасным расследаванні няцяжка звязаць з тым, што брэсцкая пракуратура падтрымала ў судзе крымінальнае абвінавачваньне блогера Сяргея Пятрухіна ў паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі, якія праходзяць па матэрыялах праверкі, і патрабавала крымінальнага пакарання.
Парушэнне свабоды мірных сходаў
4 красавіка ўлады арганізавалі масавы знос устаноўленых грамадскасцю крыжоў вакол межаў ўрочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій даваеннага савецкага перыяду. Больш за дзесяць грамадскіх актывістаў, якія ўмяшаліся ў тое, што адбываецца, былі затрыманыя і ўтрымліваліся на працягу некалькіх гадзін у Мінскім РУУС. Пазней яны былі аштрафаваныя.
На наступны дзень там жа, у Курапатах, былі зноў затрыманыя Павел Севярынец і Ніна Багінская. 5 красавіка ў судзе Павел Севярынец пакараны пятнаццаццю суткамі арышту, а Ніна Багінская — штрафам у 50 базавых велічынь.
7 красавіка ў некалькіх гарадах прайшлі мірныя сходы. У цэнтры Мінска адбыўся малебен за забітых у Курапатах — акцыя, на якую заклікаў людзей апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч. За гэта ён і Максім Вінярскі былі затрыманыя і пакараныя адміністрацыйным арыштам. У Брэсце адбылася пратэстная акцыя праціўнікаў будаўніцтва экалагічна небяспечнай вытворчасці побач з горадам. У цэнтры Светлагорска сабраліся актывісты і абмеркавалі пагаршэнне экалагічнай абстаноўкі ў горадзе.
У Брэсце напярэдадні чарговай акцыі супраць адкрыцця акумулятарнага завода затрымана дзевяць чалавек. Пасля шэсця ў нядзелю, у якое перарасло “кармленне галубоў”, да затрыманых дадалося яшчэ некалькі чалавек. У панядзелак, 15 красавіка, адміністрацыйныя справы затрыманых пачалі разглядаць у памяшканні аддзела міліцыі ў закрытым рэжыме.
Анансаванага і шырока разрэкламаванага беларускімі ўладамі на розных перагаворных пляцоўках і ў міжнародных арганізацыях спрашчэння парадку правядзення мірных сходаў не адбылося. Наадварот, тыя нешматлікія масавыя мерапрыемствы, якія раней дапускаліся дзяржавай, апынуліся пад пагрозай знікнення. Гаворка ідзе перш за ўсё аб непад’ёмнай для арганізатараў суме аплаты за ахову грамадскага парадку падчас такіх мерапрыемстваў. Ахвярамі парушэнняў права на мірны сход ўжо сталі сябры аргкамітэта па святкаванні Дня Волі ў Мінску ў Кіеўскім скверы: у арганізатараў мерапрыемства ўзнікла спрэчка з міліцыяй па пытанні якасці аказаных паслуг і па суме аплаты, якая была значна павялічана ў параўнанні з названай у дамове. І хоць адпаведнае заканадаўства прадугледжвае такія сітуацыі і прадугледжвае вырашэнне спрэчак шляхам перамоваў і ў судовым парадку, арганізатары былі адміністрацыйна аштрафаваныя за адмову аплаціць паслугі міліцыі да вырашэння спрэчкі, што ўзнікла па сутнасці.
Усяго за красавік Праваабарончым цэнтрам “Вясна” зафіксавана 48 выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за ажыццяўленне свайго права на мірны сход.
22 красавіка заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” атрымалі дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне 26 красавіка штогадовага шэсця ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС са зборам удзельнікаў у 18.00 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў Прэзідыум Нацыянальнай Акадэміі Навук і шэсцем па традыцыйным маршруце да Чарнобыльскай капліцы. Аднак на аплату паслуг міліцыі спатрэбілася каля 7 500 тысяч рублёў. У сувязі з гэтым Аргкамітэт па правядзенні распаўсюдзіў заяву, у якой выказаў рашучую нязгоду з аплатай паслуг па ахове шэсця і мітынгу 26 красавіка. Акрамя таго, арганізатары спаслаліся і на адсутнасць сродкаў на аплату такой сумы, у сувязі з чым адклікалі заяўку на мерапрыемства.
Некалькі дзясяткаў чалавек, якія прайшлі па вызначаным маршруце, нягледзячы на адсутнасць дазволу Мінгарвыканкама, патрапілі пад пагрозу буйных штрафаў і адміністрацыйнага арышту. У дачыненні да некаторых актывістаў ужо складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.
Нечакана ахвярамі новага парадку збірання платы за міліцэйскі клопат сталі прадстаўнікі рэлігійных канфесій, якія практыкуюць рознага роду шэсці: адпраўленне рэлігійных абрадаў па-за культавых будынкаў адбываецца па правілах Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Парушэнне свабоды меркаванняў і іх выказвання
Працягваецца адвольнае прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання, свабоды атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю.
8 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска аштрафаваны анархіст Мікалай Дзядок. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, па ч. 2 арт. 17.11 КаАП. Пратэстуючы супраць неабгрунтаванага абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання, актывіст размясціў у сацыяльных сетках у рамках флэшмоба #яэкстремист некалькі варыянтаў надпісаў — субкультурнай шыфра, які выказвае стаўленне да паліцэйскіх рэпрэсіўных органаў.
Ціск на журналістаў
Ціск на незалежных журналістаў не спыняецца.
9 красавіка ў офісе тэлеканала “Белсат” у Мінску праведзены ператрус у рамках крымінальнай справы, узбуджанай Следчым камітэтам у сувязі з дапушчанай у адным з матэрыялаў тэлеканала памылкай: на сайце тэлеканала была апублікаваная памылковая інфармацыя аб затрыманні старшыні Камітэта судовых экспертыз, былога супрацоўніка Генпракуратуры і Следчага камітэта А. Шведа па крымінальнай справе. Памылка была аператыўна ліквідаваная, але чыноўнік не задаволіўся аспрэчаннем і настойліва дамагаўся прыцягнення журналіста да крымінальнай адказнасці. З гэтай нагоды следчыя абшукалі офіс, пакінуўшы там поўны беспарадак, і канфіскавалі тэхніку.
У Брэсце суддзя Аляксандр Семянчук 11 красавіка разгледзеў чарговую адміністрацыйную справу журналіста Яўгена Скрабца па арт. 22.9 КаАП (за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі). У выніку — штраф у 765 рублёў.
Усяго ў красавіку зафіксавана 6 выпадкаў, калі незалежныя журналісты былі аштрафаваныя за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.
Парушэнне гарантый справядлівага суда
Праз пяць месяцаў пасля вызвалення з калоніі прызнаны ў перыяд адбыцця пакарання Amnesty International вязнем сумлення актывіст Дзмітрый Паліенка зноў быў затрыманы і з 20 сакавіка утрымліваўся ў зняволенні без прад’яўлення абвінавачвання. 5 красавіка стала вядома аб тым, што яму прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні некалькіх злачынстваў: асабліва злоснае хуліганства, распальванне іншай сацыяльнай варожасці па арт. 130 КК, а таксама абвінавачанне ў апаганьванні будынкаў і пашкоджанні маёмасці. Нагодай да абвінавачвання паслужыў канфлікт з грамадзянінам, падчас якога быў ужыты газавы балончык, што сам Паліенка тлумачыць інтарэсамі самаабароны, і размешчаны ў сетцы Інтэрнэт ролік, які жорстка крытыкуе дзейнасць МУС.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2019