Жонка берасцейскага актывіста Дзмітрыя Бекалюка Таццяна трэцяга траўня падала ў Генеральную пракуратуру скаргу на «гвалтоўнае знікненне» мужа, піша “Радыё Свабода” са спасылкай на БелаПАН.
Таццяна Бекалюк просіць Генпракуратуру прыняць меры, каб такіх «гвалтоўных знікненняў» не было ў будучыні: абавязаць міліцыянтаў інфармаваць родзічаў затрыманага, ня ўтойваць звесткі пра затрыманне ці арышт.
У скарзе адзначаецца, што 27 красавіка каля 11:38 тры чалавекі ў цывільным адзенні (меркавана, супрацоўнікі Ленінскага РАУС) затрымалі Дзмітрыя Бекалюка, пасадзілі ў машыну і звезлі.
Але пасля затрымання Таццяна Бекалюк некалькі гадзінаў беспаспяхова спрабавала высветліць, дзе яе муж, а ва ўсіх раённых аддзелах міліцыі ёй адказвалі, што такога да іх не дастаўлялі. Таксама Дзмітрыя не знайшлі адвакат і сябры.
Толькі а 14:20 Таццяна даведалася, што яе муж у ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС (у якім казалі, што такога да іх не дастаўлялі).
Нягледзячы на затрыманні, на наступны дзень берасцейцы выйшлі на штотыднёвую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.
На Бекалюка склалі пратакол за «парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў». 29 красавіка пачаўся суд, але калі абвінавачаны папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы, наступнае паседжанне прызначылі на 11 траўня. Затрыманага вызвалілі. Гэта было яго чацвёртае затрыманне за красавік.