Як пішуць naviny.by, людзі стаялі групамі і абмяркоўвалі вынесенае 30 красавіка пракуратурай Брэста папярэджанне пяці праціўнікам акумулятарнага завода аб недапушчальнасці парушэння закона «Аб масавых мерапрыемствах», маючы на ўвазе распаўсюд інфармацыі пра тое, што 1 траўня ў Брэсце на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў адбудзецца мітынг «Берасцейцы супраць свінцу».
Людзі, якія сабраліся выказвалі сваё абурэнне тым, што пракуратуру выкарыстоўваюць для запалохвання ўдзельнікаў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода. У прыватнасці, Юлія Зубік сказала, што ёй вынеслі папярэджанне за тое, што яна ў Viber распаўсюдзіла інфармацыю «Брэсцкай газеты» пра мітынг 1 траўня. Яна лічыць папярэджанне пракуратуры неправамерным. У сваю чаргу, на думку Лады Яраш, гэта Брэсцкі гарвыканкам парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі павінен быў не менш чым за пяць дзён паведаміць аб сваёй забароне.
За прысутнымі на плошчы назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным адзенні. Іх было каля двух дзясяткаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцы Рамана Кісляка, 5 траўня ў Брэсце затрыманы праціўнік завода Віталь Шавяленкаў. Па наяўнай інфармацыі, яго затрымалі пры выхадзе з дома каля паўдня і даставілі ў Ленінскі РАУС.
Крыніца: Каля 120 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Брэста