Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава 2 траўня судзілі за адмову аплаты аказаных паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мітынгу і канцэрту ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка. Адміністрацыйная справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў 16-30.
Нагадаем, 29 красавіка арганізатараў і заяўнікаў мітынгу і канцэрта да Дня Волі Юрыя Губарэвіча, Мікалая Казлова і Вольгу Кавалькову пакаралі штрафамі ў памеры 30 базавых велічынь кожнага.
“Беларуская міліцыя ўжо канчаткова афармляецца ў камерцыйную структуру са сваімі прайз-лістамі і каэфіцыентамі, забываючыся на тое, што існуе за кошт падаткаплацельшчыкаў. Адміністрацыйная справа за адмову плаціць паслугі міліцыі - нонсэнс. Аказваецца, што ў межах грамадзянскай дамовы (грамадзянска-прававых адносінаў) міліцыі немагчыма выставіць прэтэнзію за няякасна аказаныя ёй паслугі і невыкананне дамовы, нішто немагчыма аспрэчыць (а гэты працэс акурат адбываецца дагэтуль)”, - каментуе сітуацыю Ігар Барысаў у фэйсбуку.
Суддзя Юлія Густыр вынесла пастанову ад прыцягненні палітыка да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.
Вольга Кавалькова: Няхай Канстытуцыйны суд дасць ацэнку той прававой калізіі, якую маем зараз
Крыніца: Яшчэ адзін суд за адмову аплаціць паслугі міліцыі завяршыўся штрафам