Аляксандр Асіповіч. Фота: ПЦ "Вясна". Апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча разгледзіць Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 14 траўня. Пачатак судовага паседжання ў 9.30.

Нагадаем, 9 студзеня 2019 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску быў агучаны прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Асіповічу. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах і прысудзілі да смяротнага пакарання. Напачатку паведамлялася аб тым, што скаргу будуць разглядаць 30 красавіка, затым дату, меркавана па прычыне пераезду Вярхоўнага суда ў новы будынак, перанеслі на 14 траўня.

У кватэры, дзе праводзіў час падсудны Асіповіч  уначы 20 ліпеня 2018 года, былі знойдзены целы двух маладых жанчын - Крысціны і Алесі.

На судзе, які пачаўся яшчэ 4 снежня ў Бабруйску, высветлілася, што каля 7 гадзін раніцы 20 ліпеня ў міліцыю патэлефанавала маладая жанчына і стала крычаць, што ёй пагражаюць, прасіла аб дапамозе. Яна з сяброўкай зачынілася ў ваннай пакоі, а да іх спрабаваў ўламацца мужчына. Аднак жанчына няправільна паказала месца, дзе яны знаходзяцца, таму міліцыя доўга шукалі дом і кватэру. На другі дзень, калі аператыўнікі затрымалі 36-гадовага непрацуючага бабруйчаніна, то ў ваннай пакоі знайшлі знявечаныя целы двух маладых жанчын са слядамі гвалтоўнай смерці.

Прысуд Асіповічу: расстрэл, кампенсацыя сваякам, судовыя выдаткі

9 студзеня 2019 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску быў агучаны прысуд  Аляксандру Асіповічу. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах.

Зараз у Беларусі чакаюць выканання смяротнага прысуду двое грамадзян Мінска - Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў.

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка першапачаткова былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне ў сакавіку 2017 года па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек у снежні 2015 года. У выніку дзеянняў пракуратуры, у ліпені 2017 года Вярхоўны суд накіраваў справу на новы разгляд у суд ніжэйшай інстанцыі, які 20 студзеня 2018 г. прысудзіў абодвух абвінавачаных да смяротнага пакарання. Адвакат Жыльнікава прасіў правесці паўторную судова-медыцынскую экспертызу, каб даказаць яго невінаватасць у двух з трох забойстваў. Адвакат таксама патрабаваў менш суровы прысуд. Абедзве просьбы былі адхіленыя, і 30 траўня 2018 года Вярхоўны суд пакінуў смяротныя прысуды ў сіле.

Крыніца: Лёс асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Асіповіча вырашыць Вярхоўны суд