Мы пад’яжджаем да Шалі. “Кавалёву патрэбны сакратар, – каментуе Ю. – І вам, Сьвятлана Аляксееўна, таксама”.
Ганнушкіна сьмяецца:
“Чатыры месяцы ў мяне была няня для майго дзіцяці. Мне было 26 гадоў, ёй – 60. У яе была лёгкая дэменцыя, і я вакол яе таньчыла ўсе гэтыя месяцы. Замест аднаго дзіцяці ў мяне зьявіліся два чалавекі, якіх я мусіла даглядаць. Урэшце скончылася тым, што я прыдумала адгаворку: мы зьяжджаем на лецішча, а вас з сабой узяць ня можам, месца няма. І я пазбавілася ад яе, выпісала даведку, што яна працавала ў нас паўтары гады, і яна атрымала пенсію. З тых часоў ад памочнікаў я катэгарычна адмовілася”.
На ўваходзе ў суд сядзяць усё тыя ж маладыя паліцыянты з аўтаматамі. Трое шчыльна ўмасьціліся зьлева на канапе і трое – на крэслах насупраць. Нас ізноў запісваюць, але ўжо не абшукваюць, ставяцца як да знаёмых. Прыходзяць сёстры Аюба.
“Вось, – паказвае на мяне Сьвятлана Аляксееўна, – гэта Алесь з Беларусі, ён першы лаўрэат прэміі Вацлава Гавела, якую далі Аюбу”.
Я адмахваюся, сёстры з пашанаю вітаюцца са мной. Мне крыху непамысна, хаця, думаю, міжнароднае прызнаньне брата важнае для іх. На каго ім яшчэ тут можна абаперціся.
Аюб у нязьменнай шапачцы-пясе, акуратна апрануты ва ўсё цёмнае, ня тое што я быў на сваім судзе “в красной рубашоночке”. Калі ён бачыць, што яго фатаграфуюць, ён выпростваецца, падбіраецца, складвае рукі з пераплеценымі пальцамі. За прутамі клеткі ён выглядае строга і сьвяточна.
Пачынаецца суд. Працягваецца допыт Аюба. Аюб распавядае:
“З Камітэтам грамадзянскага судзеяньня мы дапамагалі аднаўляць школы і бібліятэкі ў сёлах. У адное сяло, якое адбудоўвалася, купілі сямнаццаці сем’ям па карове, купілі гусенічны трактар на ўсё сяло. Але працы па аднаўленьні сяла спыніліся”.
Ён замаўкае. За гэтым маўчаньнем хаваецца цэлая гісторыя, якую зараз мабыць і не раскажаш. Усе апошнія дзьвесьце гадоў расійскія ўлады зганялі чачэнцаў з гор. Мабыць і ў гэтым сяле адбылося штосьці такое, страшнае, што змусіла людзей кінуць свае дамы і перасяліцца.
Затым Аюб працягвае далей:
“Зараз такіх клопатаў стала меней. Людзі баяцца. Вялі справу 14-гадовага хлопчыка, які гуляў на полі, і яго застрэліў кантрактнік. Мы давялі гэтую справу да суда, і яго асудзілі. Справа Будаева – нашая таксама. Такіх спраў за гэтыя гады было тысячы”.
Слухаем мы, слухаюць судовыя прыставы-чачэнцы. Пэўна, што гэтыя ці ім падобныя гісторыі былі датычныя і іхніх родных ці сваякоў.
– Вы бралі грошы за такія справы? – пытаецца пракурорка.
Аюб пасьміхаецца, падкрэсьліваючы ўсьмешкаю недарэчнасьць пытаньня, і адказвае:
– Мае калегі мяне хутка б выкінулі, калі б я ўзяў хоць адзін рубель.
Аюб працягвае аповяд:
– Я сам не юрыст. Быў зьвязуючым зьвяном паміж ахвярамі і юрыстамі.
– Якія вашыя адносіны да рэлігіі? – задае падрыхтаванае пытаньне адвакат.
– Я глыбока веруючы чалавек і ніколі не прадам сваёй рэлігіі, – адказвае Аюб.
– Як вы ставіцеся да наркотыкаў? – ідзе наступнае ягонае пытаньне.
– Наркотыкі – гэта зло, – коратка адказвае Аюб.
Затым працягвае:
– Ужываньне марыхуаны мной – гэта абсурд. Даказваць, што я наркаман і ўжываю марыхуану шляхам паленьня – абсурд!
Ён жартуе:
– Калі б можна было гэты наркотык дадаваць у салату – тады б яшчэ можна было дапусьціць. А паліць – не.
Адвакат задае наступнае пытаньне:
– Чаму вас абвінавацілі ў перавозе наркотыкаў?
Аюб адказвае ціха і выразна:
– Гэта што – першы раз у нас у рэспубліцы? У 2014 годзе, у 2016 годзе (у 2014 годзе ў Чачні за наркотыкі затрымалі і асудзілі грамадзкага актывіста Руслана Кутаева, у 2016 годзе – журналіста Джалаўдзі Гірэева. Гэтыя крымінальныя справы былі відавочна сфальсіфікаваныя ўладамі – А.Б.). Гэта вельмі лёгкі і ганебны спосаб для дыскрэдытацыі праваабаронцаў. Чалавеку, які нават цыгарэту ў рукі ня браў – гэта прыніжальнае абвінавачваньне. Мэта: спыніць працу прадстаўніцтва "Мемарыялу" у рэспубліцы.
Адвакат працягвае, мабыць палемізучы з абвінавачваньнямі, якія прагучалі супраць Аюба ў чачэнскіх СМІ:
– Вы самі на заходнія службы калі-небудзь працавалі?
Аюб адказвае і зноў жартуе:
– Я нават на нашыя не працаваў, а вы пытаецеся пра заходнія. Мяне спрабавалі завербаваць у 2003 годзе, павезьлі ў Ханкалу. Я адмовіўся.
У допыт уступае адвакатка Марына Дубровіна. Яна гаворыць, што 25 сьнежня 2017 года прагучала заява старшыні парламенту Чачні Магамеда Даўдава. Яна сьцярджае, што гэта быў спускавы кручок, адмашка па распачацці справы супраць Аюба. Яна просіць далучыць гэтую раздрукаваную заяву да справы. Суддзя адмаўляе і абвяшчае перапынак на абед, нас просяць з судовай залы.
Сваяк Аюба кажа, што сёстры Аюба гэтым разам запрашаюць нас на абед.
“Мы самі за сябе заплоцім”, – нясьмела пратэстую я.
Сваяк Аюба пасьміхаецца: “Не, так не прынята. Адзін раз я заплаціў, зараз яны вырашылі ўзяць абед на сябе”.
Мы пакорліва пагаджаемся і ідзем у тую самую кавяраньку. Я ізноў замаўляю манты і пляшку дзюшэсу. Які ж тут смачны ліманад! Дакладна такі, які быў у дзяцінстве.
– А што за заява Даўдава? І хто ён такі? – распытваюся я ў Ю.
– Ён часта бывае ў вашым гатэлі, – пасьміхаецца Ю. – Гуляе там у більярд.
Чытайце таксама:
ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам
III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў
IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк
V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці
VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі
VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы
VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”
IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь
XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа
XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе
ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні
XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка
Алесь Бяляцкі
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў