Экспертка Камітэта па правах чалавека ААН Ільзе Брандс-Керыс разам з прадстаўнікамі праваабарончых і грамадскіх арганізацый падзяліліся сваімі меркаваннямі пасля ўдзелу ў семінары, прысвечаным заключным заўвагам Камітэта ААН па правах чалавека і кансультацыі аб далейшай дзейнасці па імплементацыі рэкамендацый КПЧ ААН беларускаму ўраду.
Гэты семінар быў арганізаваны МЗС Беларусі супольна з офісам ПРААН у Мінску і прайшоў 22 траўня з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў з аднаго боку і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі з другога.
У абмене думкамі, які адбыўся 23 траўня на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў”, таксама бралі ўдзел Андрэа Мераз, якая прадстаўляла Цэнтр па грамадзянскіх і палітычных правах (Жэнева) і прадстаўнік Human Rights Нouse Foundation Мэцью Джонс.
Ацэньваючы эфектыўнасць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, Ільзе Брандс-Керыс выказала найперш задаволенасць тым, што падобная сустрэча ўрэшце адбылася.
“Перад пачаткам сустрэчы ў мяне былі змяшаныя пачуцці: я разумела, што распачынанне такога дыялогу з боку дзяржавы – вялікі крок для Беларусі. З іншага боку – а што будзе далей, як гэты дыялог будзе развівацца ў будучым, ці прывядзе гэтая сустрэча да жадання працаваць з намі далей? А можа гэты дыялог вядзецца проста дзеля таго, каб стварыць бачнасць канструктыўнай працы", – дзялілася сваімі ўражаннямі экспертка КПЧ.
Ільзе Брандс-Керыс паведаміла, што да беларускіх чыноўнікаў эксперты прыйшлі з двумя галоўнымі пытаннямі.
Першае – абмеркаваць з прадстаўнікамі дзяржавы механізм імплементацыі рэкамендацый КПЧ па выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. А другое пытанне закранала ўвогуле вядзенне дыялогу, не ў фармаце “сабраліся-пагаварылі”, а як рэгулярнага і эфектыўнага працэсу. Важна, каб чыноўнікі пры камунікацыях з грамадзянскай супольнасцю чулі праваабаронцаў і перапрацоўвалі інфармацыю на зразумелую ім мову.
На жаль, з выпрацоўкай механізму імплементацыі рэкамендацый КПЧ вялікага прагрэсу дасягнуць пакуль не атрымалася.
“Я ведаю, што у прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў дзяржавы працягваецца барацьба наконт юрыдычнага статусу рэкамендацый, паколькі дзяржава спасылаецца на неабавязковасць іх для выканання. Я паходжаннем з Латвіі, дзе таксама існуе падобны фармалістычны падыход. А ў Беларусі гэтая праблема абвостраная да такой ступені, што часам чыноўнікі кажуць, што не будзем вас слухаць, таму што гэта не так важна і неабавязкова”, – казала спадарыня Керыс.
З асцярожным аптымізмам віталі пачатак дыялогу з дзяржаваю і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці – удзельнікі ўчорашняга семінару.
Так, кіраўніца “Прававой інцыятывы” Вікторыя Фёдарава адзначыўшы змену фармату ў бок дыялогу, пазітыўным крокам назвала запрашэнне на канферэнцыю прадстаўнікоў незарэгістраваных арганізацый.
Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка назваў сустрэчу пазітыўнай і выказаў спадзяванне на пачатак канструктыўнай працы. Ён выказаў меркаванне, што чыноўнікам неабходная глыбокая і ўсёбаковая адукацыя ў галіне правоў чалавека, каб даганяць узровень ведаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Прадстаўніца «Ініцыятывы FORB» юрыстка Дзіна Шаўцова выказала думку аб неабходнасці перазагрузкі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў так, каб яны змаглі размаўляць з грамадствам на ягонай мове.
У абмене думкамі ўдзельнічалі і выказалі сваю пазіцыю адносна пачатку камунікацыі з дзяржавай сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка, намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч і іншыя.
У лістападзе 2020 года Рэспубліка Беларусь павінна прадставіць у КПЧ ААН прамежкавую справаздачу па выкананні рэкамендацый Камітэта. Таму міжнародныя эксперты адзначаюць, што ім вельмі важная маніторынгавая і інфармацыйная дапамога з боку грамадзянскай супольнасці Беларусі, асабліва ў такіх ключавых пытаннях, як смяротнае пакаранне і права на мірныя сходы.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96
Крыніца: Экспертка КПЧ ААН: Дыялог – магчымы, прынамсі, мы бачым ягоны пачатак Фота