Ад пачатку 2019 году актывіста Барыса Хамайду затрымлівалі каля “сіняга дому” ў Віцебску тройчы – напярэдадні Дня Канстытуцыі, на Дзень Волі і 30 красавіка, піша "Віцебская Вясна". Ва ўсіх трох выпадках на яго складалі пратаколы за загрувашчванне вуліцы (арт. 21.14 КаАП). Як стала вядома, дзве адміністрацыйныя справы супраць Хамайды ўжо спыненыя.
Як расказаў Барыс Хамайда, 2 чэрвеня ён атрымаў паведамленне з Чыгуначнага РАУС Віцебску аб скасаванні адміністрацыйнай справы ад 25 сакавіка. З якіх прычынаў справу спынілі – у паперы не тлумачылася.
“Мне стала цікава, і я схадзіў у РАУС, каб даведацца, чаму спынілі. Паглядзеў справу. Аказалася, міліцыянты некалькі разоў накіроўвалі яе ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну і абодва разы ім яе вярнулі назад – з той прычыны, што недастаткова доказаў”, – патлумачыў Хамайда.
Распавёў, што ў другі раз міліцыянты далучылі да пратаколу сем фотаздымкаў, зробленых у розных ракурсах, на якіх Барыс Хамайда стаіць ля “сіняга дому” і трымае сцяг Віцебску і плакат з цытатай Буніна (“Город Витебск древний и нерусский”).
Але камісіі, каб прыцягнуць Хамайду да адказнасці гэтага аказалася мала. Міліцыянтам адказалі, што з тых фотаздымкаў зусім незразумела, у які час і ў якім месцы яны рабіліся, а таксама – хто канкрэтна парушаў заканадаўства. Больш доказаў міліцыянты не знайшлі і справу спынілі.
Барыс Хамайда паведаміў таксама, што супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС не ўдалося давесці да канца і справу, распачатую супраць яго 14 сакавіка (перад Днём Канстытуцыі). Адміністрацыйную справу скасавалі пасля таго, як яе вярнулі ў РАУС на дапрацоўку з адміністрацыйнай камісіі, а дадатковых доказаў вінаватасці Хамайды міліцыянты прад’явіць не змаглі.
Тое, што апошнія справы супраць яго былі скасаваныя, сам Барыс Ханонавіч тлумачыць тым, што “і ў адміністрацыях сядзяць ня дурні”.
“Можа, нам падаецца, што змены недзе вельмі далёка. Але можа так апынуцца, што гэтыя змены недзе зусім побач. Ну людзі ж там таксама не дурныя, разумеюць жа, што трэба і далей будзе жыць. Прыйдзе новая ўлада, ну што ж – ім гэта залічыцца, я мяркую…” – кажа Барыс Хамайда.
Функцыі старшыні адміністрацыйнай камісіі пры адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску выконвае Марына Смолікава.
Адзначым, што адна адміністрацыйная справа, распачатая ў дачыненні Хамайды 30 красавіка, пакуль не скасаваная. Тады міліцыянтаў выклікала кіраўнічка крамы “Веста” №87 (вул. Леніна, 28), перад якой звычайна стаяў Барыс Хамайда. Цяпер ён распаўсюджвае беларускую сімволіку і літаратуру адразу за рогам гэтага ж будынку.
Крыніца: Міліцыянты спынілі дзве адміністрацыйныя справы супраць Барыса Хамайды