Штогод 5 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень навакольнага асяроддзя (World Environment Day). Ён быў заснаваны ў 1972 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН, калі адбылася канферэнцыя па праблемах навакольнага чалавека асяроддзя ў Стакгольме (Швецыя). Гэта свята было ўстаноўлена для прыцягнення ўвагі людзей да экалагічных праблем. У 2019 годзе тэмай гэтага Дня стала "Забруджванне паветра".

“Вясна” паразмаўляла з праваабаронцамі, якія займаюцца абаронай экалагічных правоў чалавека ў розных рэгіёнах Беларусі. Мы распыталі іх, чым Сусветны дзень навакольнага асяроддзя важны для Беларусі, чаму абарона экалагічных правоў выходзіць у нашай краіне на парадак дня і ў чым спецыфікі іх дзейнасці.

maslukova_viasna.jpg
Алена Маслюкова. Фота: ПЦ "Вясна"

Светлагорская праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова: “Жыццё і здароўе людзей даражэйшыя за прыбыткі ад продажу цэлюлозы…”

“Апошнім часам для Беларусі стала актуальнай абарона экалагічных правоў чалавека. Па-першае, гэта адбываецца таму, што дзяржава ў пагоні за прыбыткамі стварае шкодныя вытворчасці і пры гэтым абсалютна ігнаруе грамадскую думку. Па-другое, жыццё чалавека ў спрыяльным асяроддзі гэта натуральнае патрабаванне часу. У сучасных людзей прыярытэты змяшчаюцца ў бок каштоўнасцей, якія тычацца іх здароўя, жыцця ў годных умовах — дыхаць чыстым паветрам, купацца ў чыстай вадзе, спажываць экалагічна чыстыя прадукты. Перадусім мусяць быць не матэрыяльныя каштоўнасці, а жыццё і здароўе, таму што здаровы чалавек — здаровая нацыя.

Менавіта таму, сёння жыхары Светлагорска, Берасця, Магілёва, Гомеля змагаюцца за сваё неад’емнае права на жыццё ў спрыяльным навакольным асяроддзі, якое гарантуецца Канстытуцыяй. Шкада вельмі, што ўлады,  з'яўляючыся слугамі народа, гэтага не разумеюць і не чуюць.

Ад імя светлагорскіх экаактывістаў і праваабаронцаў віншуем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі з Сусветным днём днём навакольнага асяроддзя. І вельмі спадзяемся, што ўлады нарэшце зразумеюць — жыццё і здароўе людзей даражэйшыя за прыбыткі ад продажу цэлюлозы, свінцовых батарэй, вінілавых шпалераў ці тэхнічнага вугляроду".

green_belarus.jpg
Ірына Сухій. Фота: greenbelarus.info

Старшыня грамадскага аб'яднання "Экадом" Ірына Сухій: "У пытанні аховы навакольнага асяроддзя кожны дзень важны і крытычны"

"Канешне, добра, што ёсць такі дзень, які выступае дадатковай нагодай для прыцягнення ўвагі да праблемы навакольнага асяроддзя. Але я б не сказала, што гэта прама важны дзень. Тут сітуацыя, як і з 26 красавіка, калі ў гэты дзень усе кажуць аб чарнобыльскай катастрофе, і пры гэтым далей будуюць атамныя станцыі.

У пытанні аховы навакольнага асяроддзя кожны дзень важны і крытычны. Калі мы не памяняем свае звычкі і штодзённыя дзеянні, то гэта ў рэшце рэшт можа прывесці да катастрофы.

На жаль, у грамадскасці занадта мала інструментаў. Мы не можам усталяваць ачышчальныя збудаванні на на светлагорскім заводзе, напрыклад.

У Беларусі мала надаецца ўвагі праблеме забруджвання паветра. Тут існуе такое меркаванне, што змяненне клімату нам не пагражае, а калі пацяплее, то гэта нават і добра. Але людзі мала задумваюцца, што калі, напрыклад, высахнуць лясы, то ўсё будзе па-іншаму. Не ведаю, як каму, а мне асабіста падабаецца прырода Беларусі.

Па Парыжскаму пагадненню Республіка Беларусь абавязалася скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 28 працэнтаў у параўнанні з 1990 годам. Пакуль што, на жаль, наша дзяржава не бярэ на сябе актыўных абавязацельстваў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў у навакольнае асяроддзе.

Горадабудаўнічыя прадпрыемствы, якія цяпер будуюцца, першапачаткова вельмі дрэннай якасці. Але ні ў грамадскасці, ні ў Мінпрыроды няма рэальных механізмаў паўплываць на гэта. У апошняга мала ўплыву, таму што Міністэрства адносяцца да трэцяй катэгорыі. Хоць на мой погляд, Мінпрыроды па важнасці не ўступае Мінэканомікі, напрыклад. Экалагічная палітыка павінна быць інтэгравана ў стратэгіі ўсіх міністэрстваў, таму што па-іншаму ў нас, усіх людзей на планеце, нічога не атрымаецца”.

brest_15kra_viasna_2778.jpg
Уладзімір Вялічкін пасля адміністрацыйнага затрымання каля ІЧУ. Фота: ПЦ "Вясна"

Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін:“Хачу нагадаць беларусам, што лёс іх дзяцей залежыць ад іх грамадзянскай пазіцыі”

“Кожны чалавек мае права на чыстае навакольнае асяроддзе. Гэта гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Дзяржава ў сваю чаргу абавязана забяспечыць рэалізацыю гэтага права. Але ў Брэсце зусім іншая сітуацыя.

Амаль паўтары гады берасцейцы, выступаючы супраць будовы і працы завода свінцова-кіслотных акумулятараў, змагаюцца за сваё канстытуцыйнае права жыць у здаровым навакольным асяроддзі.

За гэты час было напісана каля сотні лістоў у сама розныя дзяржаўныя і грамадскія органы, дзе абгрунтавана тлумачыцца пра пагрозы і шкоды, звязаныя з гэтым заводам. Пад петыцыяй за спыненне будовы завода АКБ падпісалася каля 40 тысяч берасцейцаў. У Брэсце было падана каля 150 заяваў на правядзенне мірных сходаў, але ўсе былі забаронены. Праз такія дзеянні ўладаў берасцейцы вымушана выйшлі на плошчу “карміць галубоў”, і сабралі ўжо каля сямі тысячаў подпісаў за адхіленне кіраўніцтва раёна, горада і вобласці “ў сувязі са стратай даверу”…

Берасцейскія ўлады адказалі на ўсе гэтыя дзеянні экаактывістам і журналістам прафілактычнымі гутаркамі, прэвентыўнымі затрыманнямі, адміністратыўнымі арыштамі, штрафамі, крымінальнымі пераследамі і нават падкідваннем баепрыпасаў…

Толькі ў гэтым годзе ад адміністратыўна пераследу пацярпела больш за 35 чалавек, некаторыя караліся неаднаразова. Экаактывісты правялі больш за 35 сутак за кратамі. Агульная сума штрафаў набліжаецца да 35 000 рублёў.

А гэтыя людзі проста выступаюць супраць таго, каб беларускія чыноўнікі за кошт здароўя грамадзян і шкоды навакольнаму асяроддзю паляпшалі свой дабрабыт. “Мы проста хочам ЖЫЦЬ! Жыць у квітнеючай краіне з чыстымі рэкамі-вазёрамі, лясамі і паветрам, каб нашыя дзеці і ўнукі маглі бегаць па роснай траве і спажывць чыстыя ягады і не хварэлі...”, — кажуць берасцейцы. І вось ужо паўтары гады, нягледзячы на пераслед, яны намагаюцца моўчкі дакрычацца да ўладаў...

Таму ў Сусветны дзень навакольнага асяроддзя хачу нагадаць беларусам, што лёс іх дзяцей і ўнукаў залежыць ад іх грамадзянскай пазіцыі. Каб нашыя дзеці жылі у чыстым навакольным асяроддзі і не хварэлі, трэба не быць абыякавымі і адстойваць правы чалавека".

Праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў:“Для абароны права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе навапалачанам патрэбнае не выпраўленне дакументаў, а спыненне будаўніцтва катла”

“У сучасным свеце пытанне права на здаровае навакольнае асяроддзе усё больш хвалюе людзей, бо яны ведаюць, што гэта напрамую звязанае з іх здароўем.

 У горадзе Наваполацку колькасць выкідаў у паветра шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі максімальная сярод усіх гарадоў Рэспублікі Беларусь (штогод выкідаецца каля  60000 тонн шкодных рэчываў у паветра). Грамадскія актывісты пастаянна ўздымаюць пытанне аб неабходнасці больш інтэнсіўнай пабудовы ачыстных збудаванняў.

Пры гэтым нас непакоіць, што робяцца некаторыя захады, якія могуць яшчэ больш пагоршыць становішча. Некалькі год таму Міністэрства Энергетыкі распачала працэс па “Праграме па імпартазамяшчэнні” праектавання і пабудовы катла на Наваполацкай ЦЭЦ па спальванні нефцянога коксу замест прыроднага газу. Трэба прызнаць, што гэтая зацея бязглуздая, бо эканамічны эфект тут сумнеўны. Туды патрэбныя ўкладанні некалькі сот мільёнаў даляраў, а стан навакольнага асяроддзя толькі пагоршыцца ад гэтага. Гэты праект негатыўна адаб’ецца на здароўе навапалачанаў і бліжэйшых населеных пунктаў, бо выкіды ў паветра шкодных рэчываў павялічацца.

На дадзены момант грамадскія слуханні па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе перарваныя, бо там шмат недакладнасцяў. На дадзены момант Ацэнка знаходзіцца на дапрацоўцы.

Але трэба разумець, што для абароны права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе навапалачанам патрэбнае не выпраўленне дакументаў, а спыненне будаўніцтва катла. У сувязі з гэтым праваабаронцы Наваполацкай філіі ПЦ “Вясна” запусцілі дадатковую петыцыю ў Мінэнергетыкі і Мінпрыроды. Напрыклад, на апошнім публічным мерапрыемстве “Кіламетр грамадзянскай актыўнасці” петыцыю на паперы падпісалі дзесяткі людзей, у тым ліку вядомыя актывісты экалагічнага руху".

Крыніца: Што думаюць праваабаронцы пра Сусветны дзень навакольнага асяроддзя?