У Мінску 1 чэрвеня прайшоў VIIІ Кангрэс Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, піша belngo.info. Больш за 170 дэлегатаў і гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі абмяркоўвалі ключавыя праблемы грамадскага сектару. Пасля агульнага паседжання была праведзеная праца па тэматычных секцыях. Асамблея НДА — найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе развіццю дэмакратычнай прававой дзяржавы і ўплывае на змены ў грамадстве. Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сённяшні момант налічвае 330 сябраў. Кангрэс — вышэйшы орган Асамблеі.
Кангрэс абраў новы склад кіруючага органа – Рабочай групы Асамблеі – па два прадстаўнікі ад кожнай з шасці секцыяў:
- культура, краязнаўства;
- сацыяльная сфэра, гендэрная роўнасць;
- правы чалавека;
- рэгіянальнае развіццё, урбаністыка, мясцовае самакіраванне, экалогія;
- адукацыя, моладзь;
- мэдыясфера, інфармацыйна-аналітычныя, даследчыя цэнтры.
У Рабочую групу ўвайшло 12 чалавек, якія абралі Старшыню РГ – Сяргея Мацкевіча. Удзельнікі Кангрэса прынялі Рэзалюцыю аб грамадскім удзеле і Дэкларацыю пра каштоўнасці Асамблеі НДА, зрабілі заяву аб распрацоўцы зменаў у Закон “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.
Цяпер секцыю “Правы чалавека” ў Рабочай групы Асамблеі НДА прадстаўляюць светлагорская праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова і Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.
"Я ўпершыню ўдзельнічала у вельмі важным для грамадскага жыцця Беларусі мерапрыемстве — Кангрэсе Асамблеі НДА. Там я працавала па асноўнай сваёй дзейнасці ў жыцці — па правам чалавека. Кангрэс у секцыю "Правы чалавека" Рабочай групы выбраў двух прадстаўнікоў: вядомага юрыста і праваабаронца Алега Гулака і мяне. Гэта было абсалютна нечакана. Я вельмі ўдзячная грамадзянскай супольнасці за такі высокі давер і веру ў мае здольнасці актыўна працаваць у грамадскім сектары. Я разумею, што такім чынам на мяне ўскладзены вялікі кавалак працы і вялікая адказнасць. Спадзяюся, што здолею быць карыснай і не падвяду тых людзей, якія прапанавалі і прагаласавалі за маю сціплую персону", — дзеліцца ўражаннямі праваабаронца Алена Маслюкова.
"Кіламетр грамадскай актыўнасці": фотарэпартаж "Вясны"
Крыніца: Алену Маслюкову выбралі ў Рабочую групу Асамблеі НДА