На мінскай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” 4 чэрвеня распачалася міжнародная канферэнцыя "Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека". Мерапрыемства праходзіць у форме тэматычных панэляў. На адкрыцці канферэнцыі праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначыў, што праваабарончую супольнасць непакоіць павелічэнне выпадкаў прыцягнення грамадзян да адказнасці за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

_mg_8222.jpg
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч падчас адкрыцця канферэнцыі

“У такіх выпадках, як правіла, мае месца абмежаванне права на свабоду выказвання меркаванняў. І практыка, як у Беларусі, так і ў суседніх краінах, стала вельмі шырокай за кароткі перыяд часу. Таму праваабарончая кааліцыя вырашыла падрыхтаваць даклад на аналізе тых кейсаў, з якімі мы сутыкаліся. У дакладзе мы правялі аналіз дзеючага заканадаўства,” — падкрэсліў актуальнасць абранай тэмы праваабаронца.

Як адзначыў  Валянцін Стэфановіч далей, міжнародныя эксперты запрошаныя на канферэнцыю, каб прааналізаваць праблему барацьбы з экстрэмізмам з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. Таксама на канферэнцыі выступяць адмыслоўцы, якія распавядуць пра барацьбу з экстрэмізмам у Расіі і краінах СНД. Акрамя гэтага, плануецца абмеркаванне праблемы барацьбы з распаўсюджваннем экстрэмістскіх матэрыялаў у Беларусі.

"Мы, як праваабаронцы, сыходзім з таго, што дзяржава абавязаная прымаць меры для прадухілення любой прапаганды вайны, нянавісці па якіх-небудзь прыкметах,” — сказаў Валянцін Стэфановіч.

ekstr.jpg
Алена Чарняўска. Фота: ПЦ "Вясна"

Першая панэль была прысвечаная тэме барацьбы з экстрэмізмам і міжнародным стандарты ў галіне правоў чалавека. Мадэратарам сустрэчы выступіў старшыня Беларускага хельсінкскага камітэта Алег Гулак. Першая выступоўца Алена Чарняўска, старэйшая дарадчыца прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЕ, распавяла пра антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў кантэксце абавязацельстваў АБСЕ ў галіне свабоды слова. 

extr.jpg
Мацільда Богнэр. Фота: ПЦ "Вясна"

Старэйшая дарадчыца па правах чалавека Прадстаўніцтва ААН у Беларусі УВКПЧ ААН Мацільда Богнэр распавяла пра стандарты і практыку ААН у сферы супрацьдзеяння экстрэмізму і правоў чалавека на падставе ўласнага досведу і вопыту сваіх калегаў. 

extr_673.jpg
Стэфані Дэвід падчас размовы па Skype. Фота: ПЦ "Вясна"

Прадстаўніца Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) ў ААН, дырэктарка офіса FIDH ў Нью-Ёрку Стэфані Дэвід звязалася з мінскай канферэнцыяй па Skype. Яна распавяла пра барацьбу з экстрэмізмам у суадносінах з асноўнымі правамі чалавека, адзначыўшы, што FIDH у ААН першыя прадаставілі справаздачу на тэму забяспячэння правоў чалавека ў барацьбе з экстрэмізмам. Асноўнай праблемай яна бачыць тое, што дзяржавы часта парушаюць і абмяжоўваюць правы чалавека, спасылаючыся на барацьбу с экстрэмізмам.

“У абмеркаванні пытанняў супрацьдзеяння экстрэмізму на міжнародным узроўні асобныя дзяржавы і эксперты сыходзяць з плоскасці правоў чалавека. І гэта трывожна. Дыскусія робіцца ўсё больш вострай. Некаторыя дзяржавы на падставе барацьбы з экстрэмізмам прымаюць двухсэнсоўныя меры і законы. Яны таксама служаць у мэтах ажыццяўлення ціску на грамадства і парушэння фундаментальных правоў і свабод,” — адзначыла Стэфані Дэвід.

Пасля выступаў экспертаў адбылася дыскусія, якую правёў Алег Гулак. Прысутныя мелі магчымасць узняць новыя праблемы барацьбы з экстрэмізмам ў кантэксце правоў чалавека. 

“У гэтай тэме вельмі важна палітычная воля дзяржаў-удзельніцаў ААН, у якіх не вельмі добрая рэпутацыя на міжнароднай арэне”, — падкрэслілі праваабаронцы падчас дыскусіі. 

На канферэнцыі таксама быў прадстаўлены сумесны даклад праваабарончых арганізацый Беларусі «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека. Нацыянальнае антыэкстрэмісцкае заканадаўства і правапрымяняльная практыка». Над стварэннем даклада працавалі вядучыя праваабарончыя арганізацыі Беларусі: ПЦ “Вясна”, РГА “БХК”, ГА “БАЖ” і «Human Cоnstanta».

Праца міжнароднай канферэнцыі "Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека" працягваецца.

У Мінску праходзіць вялікая канферэнцыя на тэму супрацьдзеяння экстрэмізму і правоў чалавека

Файлы

Крыніца: У Мінску праходзіць вялікая канферэнцыя на тэму супрацьдзеяння экстрэмізму і правоў чалавека Фота Дакумент Аўдыё