Дакумент з такой фармулёўкай атрымала напрыканцы мінулага тыдня з міжраённага аддзелу Следчага камітэта Берасця Таццяна Мельнічук, маці загінулага пры невысветленых абставінах Андрэя Тарасенкі. Такім чынам, ей было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе 32-гадовага сына ў красавіку 2017 года.
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, 23 красавіка Андрэй Тарасенка быў затрыманы супрацоўнікамі каля бара “На Ясеневай” і дастаўлены ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Луцкай.Туды да яго была выклікана машына хуткай дапамогі, яго адвезлі ў аддзяленне траўматалогіі ЦГБ, адкуль ён самастойна сыйшоў, адмовіўшыся ад шпіталізацыі. Літаральна на наступны дзень Андрэй пачаў вельмі дрэнна пачувацца, зноў была выклікана “хуткая дапамога” і ўрэшце 32-гадовы бацька двух дзяцей памёрў рэанімацыі Берасцейскай бальніцы хуткай дапамогі 29 красавіка…
Згодна з афіцыйнымі паперамі, Тарасенка памёр ад злоўжывання алкаголем і гнойнай пнеўманіі. Але ёсць сведчанне лекаркі хуткай дапамогі, якая забірала Андрэя з хаты, што на ім былі сляды моцнага збіцця некалькі дзён да таго. Звесткі аб гэтых слядах маюцца таксама ў выніках судова-медыцынскай экспертызы па факце смерці, якую рабілі болей чым месяц.
Таксама месяц праводзіў праверку Следчы камітэт ў асобе следчага Дзмітрыя Чылікіна. І вось нарэшце, вынік “праверкі”.
У Таццяны Мельнічук засталося вельмі шмат пытанняў: хто збіў яе сына, ці была бойка ўвогуле, што здарылася ў той вечар ў бары, альбо побач з ім, што адбывалася ў “апорцы” міліцыі на вуліцы Луцкай, навошта міліцыя знішчыла запіс вонкавай камеры відэаназірання каля бара?
Не пагадзіўшыся з пастановай следчых, 10 ліпеня Таццяна Мельнічук аднесла заяву ў пракуратуру горада аб тым, што катэгарычна не згодна з вынікам такой праверкі, якую яна называе проста здзекамі просіць правесці дадатковую праверку.
Крыніца: “...За адсутнасцю грамадска-небяспечнага дзеяння і складу злачынства...”