Еўрапейскі саюз асудзіў выпадкі смяротнага пакарання ў Беларусі і заклікаў улады краіны ўвесці мараторый на яе прымяненне, перадае БелаПАН.
«Еўрапейскі саюз выказвае шчырае спачуванне сем'ям і сябрам ахвяраў злачынстваў. У той жа час, ЕС падкрэслівае непрыманне смяротнай кары пры любых абставінах і заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яе адмены», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара знешнепалітычнай службы ЕС Маі Касьянчыч.
Яна назвала смяротнае пакаранне жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць пакараннем і заявіла, што гэтая мера парушае неад'емнае права на жыццё, якое замацавана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Прымяненне смяротнага пакарання супярэчыць міжнародным абавязацельствам Мінска, дадала Касьянчыч і нагадала, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца гэтая мера.
Савет Еўропы раней таксама асудзіў выкананне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі.
Крыніца: Еўрасаюз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне