Прымяненне смяротнага пакарання працягвае перашкаджаць развіццю глыбейшых адносін Беларусі з Радай Еўропы, заявіў генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па адмене смяротнага пакарання Цітус Карлацян, піша naviny.by. Заява апублікаваная на сайце ПАСЕ.
Карлацян выказаў спачуванне ў сувязі з нядаўняй смерцю Аляксандра Жыльнікава і заклікаў беларускія ўлады не прыводзіць у выкананне прысуд у дачыненні да другога фігуранта справы Вячаслава Сухарка.
«Незалежна ад цяжару злачынства і грамадскай зацікаўленасці ва ўжыванні суразмернай санкцыі, еўрапейскія дэмакратычныя стандарты забараняюць прымяненне смяротнай кары пры любых абставінах, — сказаў Карлацян. — Беларусь яшчэ раз даказала, што яна не цалкам адпавядае асноўным еўрапейскім стандартам, і яе прымяненне смяротнага пакарання працягвае перашкаджаць развіццю глыбейшых адносін з Саветам Еўропы. Я зноў заклікаю беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў тэрміновым парадку і ў якасці першага кроку на шляху да яе поўнай адмены. Гэта адзіны шлях наперад».
Аб выкананні чарговага смяротнага прысуду стала вядома 13 чэрвеня. Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава. Лёс другога фігуранта крымінальнай справы — Вячаслава Сухарка — пакуль невядомая.
Раней з асуджэннем расстрэлу Жыльнікава выступілі Савет Еўропы, Еўрасаюз, Amnesty International.
Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.
Крыніца: Беларусь зноў даказала, што не цалкам адпавядае еўрастандартам, — ПАСЕ