Былы электраманцёр Віцебскага мясакамбінату спрабаваў 17 чэрвеня адмяніць рашэнне суду Першамайскага раёну, які абавязаў яго публічна выбачыцца перад супрацоўнікамі рэжымнага аддзелу прадпрыемства. Як паведамляе "Віцебская Вясна", адмяніць рашэнне не атрымалася – аблсуд пакінуў прысуд у сіле.
Нагадаем, судом Першамайскага раёну гораду Віцебску чацвёртага красавіка быў разгледжаны пазоў да электраманцёра Сяргея Сікоры аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Прычынай стаў відэаролік “Рэжымнікі і акты”, які быў выкладзены ў інтэрнэт 8 красавіка. Пазоўнікамі выступілі супрацоўнікі рэжымнага аддзела мясакамбінату Мікалай Барсукоў і Сяргей Бізуноў. Тады суддзя Алена Савіцкая прыняла рашэнне абавязаць відэаблогера публічна папрасіць прабачэння ў пазоўнікаў, а таксама сплаціць судовыя выдаткі.
З такім рашэннем суду Сяргей катэгарычна не пагадзіўся.
“Я ня згодны, таму што мае аргумэнты не былі ўлічаныя. Гэтак жа не былі прынятыя да разгляду відэаматэрыялы, якія былі зробленыя за некалькі дзён да паседжання. Суддзя вылучыла тыя моманты, якія былі на карысьць пазоўнікаў, і праігнаравала доказы, якія падаваліся мною і сведкамі”, – заявіў на пачатку судовага паседжаньня Сяргей Сікора.
У апэляцыйнай скарзе Сікора адзначыў, што “судом так і не было ўстаноўлена прычынна-выніковай сувязі паміж з'яўленнем у інтэрнэце роліку “Рэжымнікі і акты” і прыніжэннем дзелавой рэпутацыі пазоўнікаў”. Канстатаваў таксама, што суд першай інстанцыі не правёў лінгвістычнай экспэртызы, і, не маючы на тое права, сам даў ацэнку словаў і фразаў, якія пазоўнікі палічылі зневажальнымі.
Акрамя таго, спаслаўшыся на Канстытуцыю РБ і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі маюць права на свабоду выказвання меркавання, а таксама права на выказванне крытыкі ў дачыненні да любых службовых асобаў.
У абласным судзе, таксама як і ў Першамайскім, асноўныя спрэчкі разгарнуліся вакол заяваў, выкладзеных у відэароліку. Сікора спрабаваў зноў давесці, што пазоўнікі, супрацоўнікі рэжымнага аддзелу, ходзяць па камбінаце без адпаведнай формы і даглядаюць людзей па-за пакоем дагляду, не паказваючы дакументаў.
“Гэта выклікае сумненне ў датрыманні законнасці”, – падкрэсліў ён.
Пазоўнікі ж, у сваю чаргу, зноў усё абвяргалі і спрабавалі пераканаць суд у адваротным, але ніякіх канкрэтных доказаў не прыводзілі.
“Адказчык сказаў, што мы мусім у 10.00 быць ужо ў форме. Але тады, па ягонай логіцы, мы і зараз павінны сядзець у судзе ў гумовых ботах…” – гэта адзіная фраза, якую сказаў супрацоўнік рэжымнага аддзелу Сяргей Бізуноў.
Тым не менш суддзя Ніна Сазонава прыняла рашэнне пакінуць скаргу відэаблогера без задавальнення, а рашэнне суду – у сіле.
Пасля судовага паседжання Сяргей Сікора заявіў, што чакаў такога рашэння і што збіраецца аспрэчыць і яго. Таму з прабачэннямі мясакамбінату таксама прыйдзецца пачакаць.
Крыніца: Абласны суд разгледзеў скаргу відэаблогера Сяргея Сікоры з Віцебску