Ю. ідзе папераду нас, хутка, узутая ў красоўкі, паварочваецца і кажа: – Бясконца люблю хадзіць. Хаджу ледзь ня кожны дзень багата кіламетраў. Вось нядаўна ішла паўз Сунджу, ішла, ішла, зайшла туды, дзе ўжо ні дамоў, ані кога, толькі сабакі дзікія бегаюць. Назад вяртацца пабаялася, выклікала таксі.
– Сабак ты баісься, а людзей – не? – горка пасьміхася я.
Ю. ледзь гаворыць, ледзь ня шэпча: стамілася, кажа, за сёньня.
– Ты тут адна, у Грозным, ці ёсьць сябры якія-небудзь, кампанія, калегі? – пытаюся я.
– Адна, – адказвае. – Нікога няма.
Мы заходзім у кавярню. Першы паверх пяціпавярховіка, падлатанага, спрэс зашытага з усіх бакоў новымі лістамі сухой тынкоўкі.
Уся прастора падзеленая на доўгія праходы паміж “каютамі” – канапамі з высокімі сьпінкамі з двух бакоў ад стала, так, што ня бачна людзей, якія сядзяць на іх. Мы займаем адную з такіх “каютаў” і замаўляем бараніну, печаныя рэбрышкі, адначасова расказваем штосьці пра Беларусь.
Ю. у сваю чаргу распавядае пра жаночую долю ў Чачні. Пра тутэйшых жанчын кажа: ніякіх правоў, толькі абавязкі. Жанчына калі выходзіць замуж, становіцца здабыткам усёй сям’і, бацькоў, братоў. Сяброўка ў яе, чачэнка, вучыцца, распавядае ёй: спачатку адвучуся, потым знайду вартую працу, а затым толькі – у ярмо, па-новай. Калі руская дзяўчына выходзіць замуж за чачэнца, яна прыймае ўсе звычаі чачэнцаў.
Юля дапамагае старым рускім у Грозным. Была ў яе невялікая праграма такой дапамогі, якую яна два гады рабіла з сваёй сяброўкай, наяжджаючы сюды на некалькі тыдняў з Масквы. Затым сяброўка сказала: усё, болей не магу, няма сілаў.
– Што, тут яшчэ з расіянаў хтосьці застаўся пасьля войнаў? – пытаюся я. Ю. злуецца:
– Вось і яны, – ківае галавой навокал, – так дзеляць: на расіян і чачэнцаў. А мы ўсе – расіяне.
Я не пярэчу, але недаверліва хістаю галавой.
– Мала, але засталіся, – адказвае яна. – Грозны доўгі час быў рускім горадам. А зараз засталіся тыя, каму няма куды ехаць, і хто не хацеў і ня хоча. Адныя старыя. Дажываюць. Мне іх так шкада.
Мы чакаем свае печаныя рэбрышкі і працягваем нясьпешна размаўляць.
Сяржук Сыс цікавіцца пра газетныя кіёскі, ці ёсьць яны тут, бо мы, колькі не хадзілі па Грозным, яшчэ ня бачылі аніводнага.
– Няма, – адказвае Ю.
– Не чытаюць, – робіць выснову яна.
Ю. шкадуе, што тут ёй не хапае кніжак. Я распавядаю пра сваю электронную. Загнаў туды 300 тамоў, важу з сабой, вельмі зручна ў дарозе, не прачытаю і да канца жыцьця.
Яна не пагаджаецца. Распавядае, што для яе важныя тактыльныя адчуваньні:
– Як так можна, прачытаць адную кніжку, а затым адразу ж на гэтым экране – пачынаць іншую.
– Можна, – сьмяюся я. – Затое ніхто тлустымі пальцамі паперад цябе яе не запляміць і не чыхне ў яе. У электроннай кніжцы заўсёды ты першы разгортваеш старонкі.
Урэшце нам прынясяць нашыя рэбрышкі. Мяса на іх мала, але яно смачнае неверагодна. Мы ядзім і запіваем мінералкаю. Ю. распавядае, што віно прадаюць толькі ў некаторых шашлычных з-пад палы. Уладальнікі моцна рызыкуюць, што іхнія кавярні будуць разгромленыя ці спаленыя. Але такое бывае рэдка. Звычайна прыходзяць і ветліва папярэджваюць: ня трэба, не прадавай. І – усё, паспрабуй не паслухайся. Фармальнай забароны няма. І ёсьць яшчэ адное месца, дзе сьпіртное прадаецца легальна – гэта рэстаран у нашым гатэлі на самым верхнім паверсе, але і кошты там даражэнныя.
Ю. распавядае, як хадзіла вучыцца ў аўташколу. Хлопцы чачэнцы, моладзь, якая вучылася разам зь ёй, кепска гавораць па-руску, зусім ня ўмеюць чытаць. Адукацыя ў ВНУ таксама вельмі павярхоўная. Лепшая – у Пяцігорску, і разумнейшыя дзеці едуць вучыцца туды.
Я слухаю Ю. і думаю: Расія і Чачня – “никогда не быть вам сёстрами…”
Мы выходзім з кавярні і ідзем у наш гатэль. Ю. праваджае нас, ёй па дарозе. Мы дайшлі і, калі прапануем давесьці яе да дому, яна адмаўляецца і сыходзіць у ноч сама.
Мы ўздымаемся ў свой пакой на ліфце і я думаю, што калі б у мяне спыталіся: “Скажы хутка, не задумваючыся – што такое Чачня?”
Я адказаў бы: “Чачня – краіна трэнікаў, бейсболак і зброі”.
Ужо перад сном я гляджу сюжэт па грозьненскім тэлебачаньні пра прыезд Рамзана Кадырава ў Медыну. Ён прыляцеў туды ў дзень нараджэньня прарока Мухамеда. Вось жа, мы – у Грозным, а Рамзан – у Медыне. Прыляцеў уначы. Паказваюць, як яго прыймаюць без афіцыйнага прыёму. Мэта візіту – наведваньне магілы прарока. Паказваюць, як ён ходзіць са сваёй сьвітаю, абдымаецца з адным з саўдаўскіх прынцаў, які ўсё ж прыехаў яго спатыкаць, з мясцовымі чачэнцамі, відаць, ягонымі эмісарамі, як па-свойску вітаецца з муламі. Вось жа, пэўне, што ён тут ня першы раз і пачуваецца ў Саўдаўскай Арабіі як рыба ў вадзе.
Цёмная ноч. Рамзана вязуць да мячэту, пабудаванага над магілай прарока Мухамеда. Ідуць начныя чуваньні. У мячэце багата паломнікаў. Іх адцясьняюць паліцыянты, узяўшыся паміжсобку за рукі, у сярэдзіне ідзе Рамзан. Для яго адчыняюць браму, за якой знаходзіцца пахаваньне прарока. Рамзан доўга, гучна і старанна моліцца каля вялікага мармуровага надгробка.
Дыктар кажа, што сёньняшняя чачэнская група паломнікаў – першыя расіяне, якіх дапусьцілі ў крыпту прарока Мухамеда. Ён цытуе словы прарока: “Хто наведае маю магілу, той варты майго заступніцтва”. З чым мы расіянаў і віншуем.
“У нас у Чачні, – гаворыць далей дыктар, – захоўваюцца дзьве сьвятыні прарока – дзьве ягоных валасінкі. Яны былі афіцыйна перададзеныя саўдаўскімі ўладамі на захаваньне. Адзін – у Рамзана Кадырава, другі – у Магамеда Даўдава”.
“І з гэтым мы таксама можам павіншаваць расіян”, – думаю я.
Ад якіх дзіўных людзей, што замільгацелі, павыплывалі аднекуль з глыбіні чалавечага віру, ад якіх іхніх выпадковых памкненьняў і мімалётных эмоцыяў залежаць нашыя лёсы, нашае цяперашняе жыцьцё, думаю я. Ці можа гэта ўсё ж такі больш глыбінныя працэсы і гэтыя асобы зьяўляюцца толькі міжвольнымі выканаўцамі чагосьці больш абгрунтаванага і наканаванага? Але нам ад гэтага што? Мы таксама наўпроставы вынік сваёй эпохі. Алесь Б., Аюб Ц. і яшчэ адзін Алесь Л. Ахвяры мы ці героі? Ці адначасова і тыя і другія?
Чытайце таксама:
ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам
III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў
IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк
V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці
VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі
VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы
VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”
IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь
XI. Суд у Шалі. Чачня – гэта Еўропа
XII. Выступ Аюба Ціціева ў судзе
ХІІІ. Аюб распавядае пра свой арышт і пра тое, як “сьведка”-наркаман не пазнаў яго на апазнаньні
XIV. Вяртаньне з Шалі ў Грозны. Маскоўская палітыка
XVIII. Віктар Лукашэнка і чачэнскі спецназ
Алесь Бяляцкі
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: XIX. Чачня – краіна трэнікаў, бейсболак і зброі