Сёння, 26 чэрвеня, адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. У гэты дзень у 1987 год уступіла ў сілу Канвенцыя ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На працягу ўсёй сваё гісторыі ААН асуджала катаванні як адно з самых бесчалавечных дзеянняў, якія ўжываюцца аднымі людзьмі ў дачыненні да іншых. Катаванні прымяняюцца дзеля падаўлення чалавечай асобы і таптання ўласцівага чалавеку пачуцця ўласнай годнасці і з’яўляюцца злачынаствам у адпаведнасці са стандартамі міжнароднага права. Ва ўсіх адпаведных дакументах катаванні строга забараняюцца і не могуць быць апраўданыя ні пры якіх абставінах.
Выяўленне выпадкаў катаванняў з'яўляецца часткай дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна". Азін з накірункаў такой дзейнасці — мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу. Як распавядае каардынатар праекта Павел Сапелка, ён закліканы зламаць сцяну маўчання, страху і беззаконня і паказаць, што катаванням і жорсткіх відах абыходжання можна і трэба супрацьстаяць. Праваабаронцы "Вясны" падчас праекта за некалькі месяцаў сабралі 11 гісторый жорсткага абыходжання з боку супрацоўнікаў міліцыі з розных куткоў Беларусі. У межах кампаніі ўдалося паказаць разнастайнасць формаў забароненага звароту, указаць на сістэмныя недахопы па расследаванні такіх выпадкаў дзяржавай.
Мы прапаноўваем узгадаць тры гісторыі катаванняў, якія сталі вядомыя праваабаронцам падчас праекта #БезПраваНаРасправу.
1. Справа Паўла Камінскага з Берасця, за апублічванне якой прыцягнулі да крымінальнай адказнасці блогера
Акалічнасці гэтай справы ўсё ж такі былі агучаныя ў судзе. Праўда, не на судовым працэсе над супрацоўнікамі міліцыі, якія збілі Камінскага, а над блогерам Сяргеем Пятрухіным, які апублічыў гэты факт.
Як распавёў Павел, тры гады таму 3 ліпеня Паўла жорстка і беспадстаўна збілі ўчастковыя Ленінскага РУУС г. Брэста. Яго затрымлівалі ў мясцовай кавярні нібы ў сувязі з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі, але потым справу Камінскага, па якой яго затрымлівалі, спынілі ў судзе ў сувязі з недаказанасцю дзеяння.
“Закруцілі мне рукі, сілай зацягнулі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Спартыўнай і там жорстка збілі. Пагражалі забіць, а затым вывалаклі з апорнага пункта на вуліцу і пырснулі з балончыка ў вочы”, — ўспамінае Павел Камінскі.
Павел Камінскі пытаўся дамагчыся справядлівасці і прыцягнуць супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці. Але Следчы камітэт упарта не бачыў прычын распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, якіх нават не адхілілі ад выканання абавязкаў на час разбіральніцтва. Па факту збіцця сведкі Камінскага ужо восем разоў адмаўлялася ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Пакуль справа скрнчылася на тым, што суд Ленінскага раёна г. Брэста прызнаў вінаватым берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна па ч.2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд) заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), а менавіта пра збіццё ўчастковымі Камінскага. Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў.
2. Справа Барыса Змітровіча са Смаргоні, які пры затрыманні атрымаў хімічны апёк вачэй
Жыхара горада Смаргонь Барыса Змітровіча затрымаў міліцэйскі патруль у начным парку, калі той вяртаўся дамой. Тады супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што на яго паступіла скарга, але ад каго і з якой нагоды паведаміць не маглі. Барыс Змітровіч, мяркуючы сваю невінаватасць і, адпаведна, адсутнасць падстаў для затрымання, прайсці ў міліцыю наадрэз адмовіўся. Але супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі рашуча: заламалі Барысу рукі, пырснулі ў твар газам з балончыка, звалілі на дарожку і, надзеўшы кайданкі сталі наносіць удары нагамі па целе. Іншы супрацоўнік працягваў «апрацоўваць» твар перцовым газам. Пасля гэтага Барыса, збітага і скрываўленага, зацягнулі ў аўтамабіль і даставілі ў РАУС. Як і ў папярэдняй гісторыі, Барыса Змітровіча не змаглі прыцягнуць да ні па артыкуле 17.3, ні па артыкуле 23.4 КаАП
У Барыса былі выяўленыя цялесныя пашкоджанні: хімічны апёк кан’юкцівы абодвух вачэй, сінякі і драпіны і іншыя... “Яны ўтварыліся ад дзеяння цвёрдых тупых прадметаў”, — заключыў судмедэксперт. Гэта падобна на ўдары міліцэйскімі берцамі, але на гэтае пытанне ні яму, ні жонцы пацярпелага, ні яго маці, ніхто не адказаў ні ў міліцыі, ні ў Следчым камітэце.
На дадзены этап абскарджанне неправамерных дзеянняў смаргонскіх міліцыянтаў працягваецца. Як паведамляе “Гарадзенская вясна” 19 чэрвеня Барыс Змітровіч абскардзіў чарговую пастанову следчага Смаргонскага РАСК аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў пракуратуру Смаргонскага раёна.
3. Справа Іллі Зубені, які ў выніку “гутаркі” з супрацоўнікамі міліцыі атрымаў разрыў барабаннай перапонкі
У гэтай гісторыі маладога чалавека з Савецкага РУУС г. Мінска ўвезла хуткая дапамога ў бальніцу. Ён быў жорстка, аж да разрыву барабаннай перапонкі, збіты супрацоўнікамі міліцыі.
Яго затрымалі з прыяцелямі ў мінскім парку Дружбы народаў, «зафіксаваўшы» факт распіцця алкаголю. Іх завезлі ў Савецкі РУУС, дзе, па іроніі лёсу, Ілля сустрэў супрацоўніка міліцыі, які пяць гадоў таму затрымліваў і збіваў Іллю [Заўвага — Тады ў выніку "гутаркі" з супрацоўнікамі міліцыі ў Іллі Зубеня канстатавалі страсенне мозгу]. Вось ён і нагадаў хлопцу пра той выпадак, дадаўшы, што тады яго калегу, датычнага да збіцця, альбо звольнілі з органаў, альбо перавялі яшчэ кудысьці. Мабыць, гэтая старая гісторыя і раззлавала вартавых парадку.
…Яго імгненна закавалі ў кайданкі. Затым двое супрацоўнікаў паднялі з лаўкі і павялі яго за кут.
«За вуглом краем вока я заўважыў, што адзін з іх адварочвае ў бок камеру відэаназірання. Ну всё, падумаў я, прыплылі... Мяне рэзка збілі з ног кінулі на падлогу, на правы бок. Па гэтым баку мне і дасталася больш за ўсё. Удары наносілі без разбору — і дубінкамі, і берцамі. Адзін з удараў прайшоўся па галаве, стала вельмі балюча...» — распавядае Ілля.
Колькі працягвалася збіццё Ілля з-за шоку дакладна сказаць не можа... Калі яму ўвечары вярнулі тэлефон, ён адразу набраў тэлефон 103 хуткай дапамогі, паколькі моцна балела вуха. Па прыезду медыкі сказалі, што трэба ехаць у бальніцу. Медыкі канстатавалі разрыў барабаннай перапонкі...
Пакуль справа скончылася на тым, што 14 чэрвеня 2019 года Іллю паведамілі прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення уласнай бяспекі МУС, што ягоныя довады аб неабгрунтаваным прымяненні супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да яго фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў не знайшлі свайго пацверджання.
Абскарджанне неправамерных дзеянняў працягваецца.
Нагадаем, збіццё затрыманага супрацоўнікам міліцыі — гэта службовае злачынства. Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў — наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам.
Наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Калі вы ці вашыя блізкія патрапілі ў сітуацыі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў, паведамляйце пра такія выпадкі ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 8413981 або па пошце: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. |
Крыніца: Дзень супраць катаванняў: тры гучныя кейсы “Вясны” Фота