Нягледзячы на існаванне рэкамендацый міжнародных органаў, распрацаваныя механізмы для комплекснага вырашэння праблемы катаванняў, Беларусь не спяшаецца рабіць захады ў гэтым накірунку. Усё ўпіраецца ў палітычную волю беларускай дзяржавы. А дакладней -- у яе адсутнасць. Ігнараванне і замоўчванне праблемы катаванняў -- пастаянная шматгадовая практыка беларусіх уладаў.
Вясной 2018 года на 63 сесіі Камітэта ААН супраць катаванняў афіцыйная дэлегацыя з Беларусі прадставіла свой перыядычны даклад. Беларускія праваабаронцы, у сваю чаргу, прадставілі даклад альтэрнатыўны, у якім падрабязна распавялі пра сітуацыю з катаваннямі ў Беларусі. У прыватнасці, у дакладзе праваабаронцы закранулі такія тэмы, як недасканаласць крымінальнага заканадаўства ў гэтай галіне, існаванне смяротнага пакарання, немагчымасць ажыццяўлення кантролю за месцамі несвабоды, гвалтоўныя знікненні і г.д. Па выніках сесіі Камітэт супраць катаванняў вынес шэраг рэкамендацый беларускім уладам. З таго моманту прайшло ўжо больш за год, аднак ці зрабіла дзяржава за гэты час хоць нейкія крокі для паляпшэння сітуацыі?
Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч з сумам канстатуе, што дзеянняў дзяржавы ў гэтым накірунку па-ранейшаму не бачна.
“Я нічога не чуў, каб урад прадставіў даклад ці неяк выказаўся наконт выканання вынесеных больш за год таму рэкамендацый. На жаль, наш урад замест палітыкі супраць катаванняў працягвае праводзіць палітыку ігнаравання гэтай праблемы і не прымае неабходныя захады для абароны грамадзян. У той жа час да праваабаронцаў, у тым ліку ў Праваабрончы цэнтр “Вясна”, рэгулярна звяртаюцца ахвяры катаванняў”.
Якія праблемы існуюць і што трэба зрабіць?
На дадзены момант у беларускім заканадаўстве існуюць два артыкулы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за прымяненне катаванняў. Яны датычацца злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва (пазасудовыя пакаранні, генацыд, масавыя знікненні і г.д.), а таксама катаванняў, якія прымяняюцца ў мэтах атрымання паказанняў ад падазраваных па крымінальных справах (прымус да дачы паказанняў). Але іншыя віды жорсткага абыходжання заканадаўствам не ахопліваюцца. Вельмі важна, каб былі крыміналізаваны ўсе віды катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання.
Праваабронца падкрэслівае, што часам прадстаўнікі ўладаў займаюцца падменай паняццяў: кажучы пра крымінальную адказнасць за катаванні, яны называюць артыкулы за злачынствы, здзейсненыя грамадзянінам супраць грамадзяніна. Але гэта зусім не пра тое, бо катаванні прычыняюцца прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, а не грамадзянамі.
“Калі ж грамадзяне пацярпелі ад катаванняў і вырашылі падаць скаргі, то трэба рыхтавацца для доўгага шляху барацьбы за свае правы. Колькасць заведзеных спраў у параўнанні з тым, колькі скаргаў падаецца, проста мізерная. Па вялікаму рахунку, органы пракуратуры і Следчы камітэт ігнаруюць такія скаргі. Яскравы прыклад – літаральна ўчорашняя заява Генпракуратуры адносна сітуацыі з этнічным прафіляваннем ромаў у Магілёве. Прынцпы такі: скаргаў пацярпелых няма – ніякіх парушэнняў няма”, - адзначае Валянцін Стэфановіч.
У дзяржаве неабходна ствараць эфектыўныя прэвентыўныя механізмы супраць катаванняў. Варта, каб прадстаўнікі праваабарончых арганізацый маглі наведваць месцы несвабоды ў любы час і без папярэджанняў. Мусяць быць створаны нацыянальныя інстытуты па правах чалавека, такія як Упаўнаважаны па правах чалавека і яго офіс. Аднак пакуль што праца ў гэтым накірунку не вядзецца.
Беларусь дагэтуль не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Канвенцыі супраць катаванняў. Такім чынам дзяржава не прызнае кампетэнцыі Камітэта разглядаць індывідуальныя звароты грамадзян Беларусі па выпадках катаванняў, а ў незалежных міжнародных органаў няма магчымасці наведваць месцы несвабоды ў Беларусі.
Праблема катаванняў датычыцца ўсіх грамадзянаў нашай краіны бо кожны з нас пры пэўных абставінах можа стаць ахвяраў катаванняў. І канешне ўсім нам хацелася б, каб нашыя правы абараняліся належным чынам, і дзяржава замест таго, каб катаваць, магла нас абараніць.
Крыніца: Ігнараванне праблемы катаванняў – шматгадовая практыка беларускіх уладаў