12 ліпеня суд Маладзенчанскага раёна асудзіў настаўніц сярэдняй школы №11 Вольгу Завадзкуюі Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў у гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзецей, што пацягнула па неасцярожнасці смерць вучаніцы восьмага класа Вікторыі Папчэня.
Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які неаднаразова звяртаў увагу правяраючых органаў, што да адказнасці павінны быць прыцягнуты чыноўнікі Маладзечанскага райвыканкама А. Яхнавец і І. Драпеза, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб накіраванні на прыборку бульбы школьнікаў, чарговы раз звярнуўся са скаргай у пракуратуру Мінскай вобласці.
У ёй праваабаронца адзначае, што довады выкладзеныя ў яго ранейшай заяве былі далучаныя да крымінальнай справы і вывучаліся ў час раследвання смерці Вікторыі Папчэня, у тым ліку і на законнасць прыцягнення навучэнцаў школ да ўборкі бульбы. Аднак, крымінальная справа ў дачыненні да службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама так і не была ўзбуджана, на аснове чаго праваабаронца прыходзіць да высновы, што следства не ўгледзела складу злачынства ў іх дзеяннях.
“Я так і не быў належным чынам праінфармаваны аб выніках разгляду маёй заявы, што наводзіць мяне на думку аб ігнараванні службовымі асобамі Следчага камітэту пазначаных у маёй заяве фактаў.
Лічу, што праверка па маёй заяве была праведзена неналежным чынам і замест таго, каб разгледзіць маю заяву па сутнасці, даць прававую ацэнку дзеянням службовых асобаў Маладзечанскага райвыканама на прадмет наяўнасці ў іх дзеяннях складу злачынства, як таго патрабуе арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь, мая заява была далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы “у якасці крыніцы доказаў”.
Лічу, што ў дзеянях службовых асобаў Маладзечансага райвыканкаму А.Д. Яхнаўца і І.Ф. Драпезы углядаецца склад службовага злачынства”, - падкрэслівае ў скарзе Валянцін Стэфановіч.
Так праваабаронца адзначае, што і старшыня А.Д. Яхнавец і начальнік аддзела адукацыі, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкама І.Ф. Драпеза, усведамлялі відавочна незаконны характар сваіх дзеянняў, аднак выдалі распараджэнне аб накіраванні супрацоўнікаў прадпрыемстваў раёна і загад аб накіраванні навучэнцаў на прыборку бульбы ў парушэнне дзеючага працоўнага заканадаўства суадносна, чым перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, што пацягнула істотную шкоду законным правам грамадзян, у тым ліку правам непаўнагадовых.
“Гібель у выніку няшчаснага выпадку падчас працы па прыборцы бульбы навучэнкі 8-га класа В. Папчэні, накіраванай адмінстрацыі школы № 11 у выкананне незаконных распараджэнняў службовых асобаў Маладзечанскага райвыканаму, я лічу асабліва цяжкімі наступствамі.
Прыцягненне супрацоўнікаў, навучэнцаў прадпрыемстваў і навучальных установаў раёна для працаў па прыборцы бульбы адміністрацыйнымі захадамі ў мэтах эканамічнага развіцця раёна насіла відавочна мабілізацыйны характар, што дазваляе кваліфікаваць гэтую практыку як прымусовую працу”, - піша Валянцін Стэфановіч.
Ён просіць пракуратуру Мінскай вобласці правесці дадатковую праверку па ўказаных у скарзе фактаў на прадмет наяўнасці складу службовага злачынства ў дзеяннях старшыні Маладзечанскага райвыканаму А.Д. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорта і турызма Маладзечанскага райвыканкаму І.Ф. Драпезы і ўзбудзіць у дачыненні да іх крымінальную справу.
Крыніца: Праваабаронца пракуратуры: узбудзіць крымінальную справу супраць службовых асобаў