Ілюстрацыйны здымак Як паведамляе onliner.by, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 28 чэрвеня прагаласавалі за амністыю, якую прымеркавалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па словах міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, амністыя закране больш за 6 тысяч чалавек. У тым ліку і асуджаных па частках 1, 2, 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

- Амністыя закране тых, хто станоўча сябе паводзіў увесь тэрмін адбыцця пакарання і цалкам кампенсаваў шкоду, прычыненую здзейсненным злачынствам, - адзначыў у час даклада Юрый Караеў. - Па папярэдніх разліках, пры рэалізацыі дадзенага закона з папраўчых устаноў закрытага тыпу мяркуецца вызваліць каля 6 тысяч чалавек. У тым ліку з месцаў пазбаўлення волі 2035 асуджаных, з іх - 45 непаўналетніх. З папраўчых устаноў адкрытага тыпу - 685, якія стаяць на ўліках у крымінальна-выканаўчых інспекцыях - 3242 асуджаных.

- Прадугледжваецца безумоўнае вызваленне ад усіх відаў пакаранняў і іншых мераў крымінальнай адказнасці, ад дадатковых пакаранняў, а таксама спыненне пераследу па крымінальных справах у дачыненні да катэгорый асобаў, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, - паведаміў Караеў.

Непаўналетнім асуджаным альбо скароцяць тэрмін на два гады, альбо вызваляць іх ад крымінальнай адказнасці. У тым ліку тэрміны на два гады скароцяць і непаўналетнім зняволеным па «наркатычным» артыкуле 328. Астатнім жа асуджаным па трох першых частках гэтага артыкула скароцяць тэрмін на адзін год.

Дэпутаты прагаласавалі за законапраект адразу ў двух чытаннях.

Крыніца: На волю выйдуць каля 6000 асуджаных, у тым ліку і па «наркатычных» артыкулах