Гарадзенскі праваабаронца з Праваабарончага цэнтру “Вясна” Віктар Сазонаў падаў скаргу ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, адзначае Гарадзенская Вясна. Скарга тычыцца так званай свіслацкай адміністрацыйнай справы, калі за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў на грамадскіх актывістаў Свіслацкім РАУС былі складзеныя пратаколы за нібыта несанкцыянаваную акцыю. Адпаведна пасля гэтага адбыліся суды і пакаранні.
Віктар Сазонаў тым разам у Свіслачы выконваў свае грамадскія абавязкі праваабаронцы і вёў маніторынг падзеяў. Але ні тагачасны старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандар Шылін, ні пазней Гарадзенскі абласны суд у асобе суддзі Валерыя Раманоўскага і старшыня Гарадзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун, куды падаваў свае скаргі праваабаронца, не захацелі прыслухацца да такой аргументацыі.
"Можна ўжо было пасля абласнога суда, дзе разглядалася мая касацыйная скарга, падаваць скаргу ў КПЧ", – тлумачыць сам Віктар Сазонаў. – "Бо як паказвае практыка, вышэйшыя суды ў пераважнай бальшыні такіх спраў становяцца на бок сваіх папярэднікаў. Але тут справа асаблівая. Бо я выконваў абавязкі праваабаронцы і не быў удзельнікам нават ускладання кветак. І папярэднія суды, па-сутнасці, сваімі рашэннямі зрабілі пасыл грамадству, што на Гарадзеншчыне займацца праваабарончай дзейнасцю небяспечна. Таму вельмі важна, каб і Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь выказаўся па гэтым пытанні. Бо сёння ёсць яшчэ больш меркаванняў наконт таго, што суддзя Аляксандар Шылін, які сваёй пастановай пакараў мяне штрафам, не мог аб’ектыўна і законна выконваць абавязкі суддзі".
Даведка: Былы старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандар Шылін звольнены з сваёй пасады суддзі ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.05.2019-га году № 209, “у сувязі са здзяйсненнем учынку, не сумяшчальнага са знаходжаннем на дзяржаўнай службе” (артыкул 108 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў).
Зараз застаецца дачакацца рашэння Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, каб ведаць, што ў гэтым годзе будзе чакаць праваабаронцаў, калі яны зноў паедуць ў справе маніторынгу выконваць свае абавязкі ў Свіслач.
Ну а калі і Вярхоўны Суд стане на бок ніжэйшых судовых інстанцый, якія прысутнасць грамадзяніна ў публічным месцы абсурдна трактуюць як адміністрацыйнае правапарушэнне, то скарга ў Камітэт па правах чалавека становіцца яшчэ больш лагічнай.
Крыніца: Праваабаронца "Вясны" Віктар Сазонаў звярнуўся ў Вярхоўны Суд