Былы палітвязень Зміцер Паліенка, які зараз знаходзіцца ў СІЗА-1, паведаміў, што ў яго ізноў абвастрыліся экзэма і дэрматыт. Пра гэта Зміцер напісаў у лісце паплечніку Міколу Дзядку, паведамляе palitviazni.info.
Нагадаем, што экс-палітвязню Зміцеру Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).
Днямі стала вядома, што расследванне крымінальнай справы актывіста Змітра Паліенкі завяршылася, справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Зараз актывіст знаходзіцца ў СІЗА-1.
“Зміцер піша, што ў яго ізноў пачалася экзема і дэрматыт, – распавёў Мікола Дзядок сайту palitviazni.info. – Дадае, што не хапае інфармацыі з вонкавага свету, і, калі была спякота, ў камеры не было чым дыхаць.
Паведаміў таксама, што настрой у яго дрэнны, аднак у цэлым па лісце падаецца што “баявы”. Рыхтуецца да таго, што могуць асудзіць на 6 гадоў”.
“Тут цяжка з навінамі, – напісаў Зміцер Паліенка. – Тэлевізара няма, а з газет толькі праўладная “7 дзён”. Гадаю, у які лагер паеду.Па справе, нажаль, усё кепска. ГУБАЗік добра працуе”.
Напісаць Змітру Паліенку можна па адрасе:
Паліенка Дзмітрый Аляксандравіч вул. Валадарскага 2, СІЗА-1 220030 Мінск, Беларусь |
Крыніца: У Змітра Паліенкі ў СІЗА абвастрыліся старыя хваробы