Да праваабаронцаў патрапіў відэазапіс, зроблены жыхаром Рэчыцы ў адным з аддзяленняў міліцыі раённага цэнтра. Мы звязаліся з аўтарам роліка, які распавёў пра гісторыю, што здарылася з ім зусім нядаўна.
“Я разам са сваім таварышам ішоў па вуліцы ў горадзе Рэчыца нападпітку. Нас затрымалі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі праехаць у аддзяленне, мы пагадзіліся без усялякага супраціву, паехалі дыхаць у трубку, а потым ізноў у аддзяленне, каб выпісалі штраф. Там я пачаў весці відэаздымку на тэлефон, пасля гэтага мяне збіў супрацоўнік міліцыі і адправіў ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны. Пасля мяне абвінавацілі па трох артыкулах і далі штраф 22 базавыя велічыні”.
Жыхар Рэчыцы напісаў скаргу на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў мясцовае аддзяленне Следчага камітэту і рыхтуе заяву ў Упраўленне ўласнай бяспекі МУС.
Тут будзе дарэчы прыгадаць развагі кіраўніка МУС Беларусі Ігара Шуневіча, якімі ён падзяліўся ўчора падчас асабістага прыёму грамадзян у Савеце міністраў.
- Сапраўды, мы не заўсёды кампетэнтныя на ўзроўні першай інстанцыі, і на гэта ёсць шмат прычын, у тым ліку нейкая прафесійная негатоўнасць да вырашэння вельмі складаных, часцяком застарэлых пытанняў, - расказаў міністр.
У гэтым выпадку са словамі Ігара Шуневіча можна цалкам пагадзіцца: сапраўды кампетэнцыя шэраговых супрацоўнікаў кульгае на дзве нагі. Каб проста патлумачыць правы і абавязкі затрыманаму грамадзяніну, спаслацца за закон, які забараняе здымаць у аддзяленні міліцыі (?), міліцыянт адказвае ўдарам кулака ў твар.
Вось гэта аргумент, вось гэта кампетэнцыя!
Цікава толькі, няўжо і на гэты раз у аддзяленні міліцыі камера відэаназірання, па традыцыі, будзе сапсаванай?
Крыніца: Мардабой у аддзяленні міліцыі: на гэта раз Шуневіч мае рацыю