Рэспубліка Беларусь павінна прыпыніць выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да асобаў, якія звярнуліся са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека, заявілі 1 ліпеня эксперты ААН па правах чалавека пасля атрымання інфармацыі пра пакаранне Аляксандра Жыльнікава, справа якога знаходзіцца на разглядзе Камітэта.
Камітэт па правах чалавека, разам са Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю, пакараннях без належнага судовага разбору або адвольных пакараннях смерцю, рэзка асудзілі Рэспубліку Беларусь за прымяненне смяротнага пакарання ў сувязі са з'явіўшайся ў СМІ інфармацыяй аб тым, што смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Жыльнікава быў прыведзены ў выкананне, нягледзячы на просьбу Камітэта па правах чалавека прыпыніць выкананне на час разгляду яго скаргі. Да сённяшняга дня Рэспубліка Беларусь праігнаравала ўсе просьбы Камітэта датычна прыпынення выканання прысудаў у дачыненні да асобаў, чые справы знаходзіліся на разглядзе Камітэта. Дадзеная працэдура, вядомая як «часовыя меры», накіраваная на прадухіленне прычынення дзяржавай непапраўнай шкоды. Парушэнне дадзенай працэдуры з'яўляецца парушэннем Рэспублікай Беларусь яе абавязацельстваў па артыкуле 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога яна далучылася ў 1992 годзе.
«Ігнаруючы просьбу Камітэта прыпыніць выкананне смяротнага прысуду на час разгляду скаргі на прадмет заяўленых парушэнняў, Беларусь паказвае не толькі сваю непавагу да Камітэта, але і адсутнасць павагі да права на жыццё», - сказаў намеснік старшыні Камітэта па правах чалавека і адзін з адмысловых дакладчыкаў Камітэта па новых паведамленнях і часовых мерах Юваль Шані.
«Смяротны прысуд можа быць выкананы толькі пасля прававога працэсу, які прадастаўляе ўсе магчымыя гарантыі, у тым ліку прадугледжаныя міжнародным правам, для забеспячэння справядлівага судовага разбору і прыняцця канчатковага рашэння судамі», - дадала Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб адвольных пакараннях смерцю Агнэс Каламар.
«Мы нагадваем Рэспубліцы Беларусь, што адзінае, што адрознівае смяротны прысуд ад адвольнага пакарання, гэта абсалютная павага да ўсіх працэсуальных гарантый, прадугледжаных законам».
Сп. Жыльнікаў з'яўляецца 14-м чалавекам, пакараным нягледзячы на тое, што яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта па правах чалавека, і нягледзячы на просьбу Камітэта прыпыніць выкананне прысуду на час разгляду яго скаргі. Аляксандр Жыльнікаў быў першапачаткова асуджаны да пажыццёвага зняволення. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь вярнуў яго справу на паўторны разгляд, і ў 2018 годзе ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Яго скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека ўтрымлівае заявы аб ужыванні катаванняў у месцах пазбаўлення волі, аб адмове ў доступе да юрыдычнай дапамогі і аб несправядлівым судовым разглядзе.
«Прыйшоў час для Рэспублікі Беларусь праявіць палітычную волю і лідэрства ў пытанні смяротнага пакарання і перагледзець сваю афіцыйную пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што вышэйшая мера пакарання павінна захоўвацца да таго часу, пакуль большасць насельніцтва не падтрымае яе адмену. Менавіта ўрад павінен мець вядучую ролю ў абмеркаванні гэтага пытання і актыўна працаваць над змяненнем менталітэту на карысць адмены смяротнага пакарання», - заявіла Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь Анаіс Марэн.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая ўжывае смяротнае пакаранне. У сваім апошнім дакладзе па Рэспубліцы Беларусь, апублікаваным у лістападзе 2018 года (даступны на англійскай і рускай мовах), Камітэт па правах чалавека падкрэсліў, што Беларусі «варта разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да ўстанаўлення заканадаўчай забароны смяротнага пакарання і ратыфікацыі другога Факультатыўнага пратакола да Пакта, замяніць усе смяротныя прысуды турэмным зняволеннем і актывізаваць намаганні для змены грамадскай думкі аб неабходнасці захавання смяротнага пакарання».
Нягледзячы на выкананне смяротнага прысуду, вынесенага ў дачыненні да Аляксандра Жыльнікава, згодна з існуючай практыкай, Камітэт па правах чалавека разгледзіць ягоную справу.
Крыніца: Эксперты ААН па правах чалавека асуджаюць выкананне смяротнага прысуду