Палата прадстаўнікоў Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў з прапановай унесці змены ў Выбарчы кодэкс, аднак у ніжняй палаце парламенту вырашылі папросту пакінуць яе без разгляду.

Яшчэ ў чэрвені праваабаронца прапанаваў ухіліць супярэчнасці паміж артыкуламі 13 і 78 Выбарчага кодэкса, каб выключыць фальсіфікацыю выбараў на ўзроўні раённых і абласных выбарчых камісій.

Справа ў тым, што артыкул 13 Выбарчага кодэксу гарантуе адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу, аднак артыкул 78, які рэгулюе падвядзенне вынікаў па раёну ці вобласці, цалкам пярэчыць яму. На гэтым этапе ў назіральнікаў няма ніякага доступу да лічбаў выніковых пратаколаў ніжэйстаячых камісій, бо яны не бачаць працэсу падліку. І праз закрытасць гэтага працэсу назіральнікі маюць доступ толькі да выніковай лічбы, якую праверыць немагчыма, што астаўляе спрыяльную глебу для злоўжыванняў.

Для доказу недасканаласці артыкула 78 Алесь Дзергачоў у сваім звароце прывёў прыклад фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў па Смаргонскім раёне у 2015 годзе. Тады колькасць галасоў за Таццяну Караткевіч, якія яна атрымала на 8 з 40 участках раёна, больш чым у два разы перавысіла лічбу, якую ў выніку назваў ЦВК па ўсім Смаргонскім раёне (1870 галасоў у параўнанні з 887).

І таму, каб пазбегнуць фальсіфікацый на раённым узроўні, Дзергачоў прапанаваў прадугледзець працэдуру агалошання дадзеных кожнага выніковага пратакола, які паступае з участковых камісій (ці рённых, калі вядзе падлік абласная).

На прапанову праваабаронцы адказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрыка, паведамляе "Гарадзенская Вясна". І адказаў звычайнай адпіскай. Ён паведаміў, што правам заканадаўчай ініцыятывы валодаюць пералічаныя у Канстытуцыі суб’екты. У прыватнасці, грамадзяне ў колькасці не менш 50 тысяч. А таму, на думку Цупрыкі, няма прававых падстаў для разгляду прапановы аднаго чалавека.

Смаргонскі праваабаронца з такім адказам не згодны. Раней ён шмат разоў накіроўваў свае прапановы ў палату прадстаўнікоў і кожны раз атрымліваў больш-менш аргументаваням адказы. Але гэты раз стаў выключэннем.

Па-першае, маю прапанову даручылі разгледзець камісіі, якая не займаецца выбарчым заканадаўствам. Па-другое, згодна з Законам аб зваротах грамадзян, калі зварот не адносіцца да кампетэнцыі адпаведнага органа, то ён накіроўваецца таму, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць разгляд пытання. А правам заканадаўчай ініцыятывы валодаюць акурат дэпутаты Палаты. Чаму б мой зварот не даручыць разгледзець дэпутату ад Смаргонскай выбарчай акругі? Па-трэцяе, такая рэакцыя на канкрэтны факт фальсіфікацыі выбараў сведчыць пра нежаданне Палаты прадстаўнікоў вярнуць народу адабранае права непасрэдна абіраць дэпутатаў і прэзідэнта”, - абураны праваабаронца.

Крыніца: Палата прадстаўнікоў ухіляецца ад папярэджання фальсіфікацый выбараў