Мікалай Дзядок звярнуўся ў суд Савецкага раёна г. Мінска з позвай да рэдакцыі газеты “СБ Беларусь сегодня” аб абароне гонару і годнасці, а таксама пакрыцці маральнай шкоды.
У сваёй позве былы палітвязень адзначае, што ў артыкуле “Анархія, маць…”, які выйшаў 29 траўня 2017 на інтэрнэт-сайце газеты за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, была змешчана наступная інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці:
“Нагадаю, што Дзядок атрымаў свой тэрмін за атаку «кактэйлямі Молатава» расейскай амбасады ў Мінску. Гэта, калі хто яшчэ не зразумеў, «акцыя» - так гэта называлася, здаецца, у баявых эсэраў Савінкова?”
Згодна з выракам суда Заводскага раёна г. Мінска ад 27 траўня 2011 года Мікалай Дзядок не быў асуджаны за тыя дзеянні, на якія спасылаецца аўтар артыкула.
Таксама заяўнік адзначае, што далей па тэксту ў артыкуле тыя дзеянні, за якія нібыта ён быў асуджаны, параўноўваюцца з тэрарызмам.
“Улічваючы вельмі негатыўнае меркаванне пра тэрарыстаў у грамадстве, я лічу падобную рэмарку адносна сябе абразлівай, якая ганьбіць маё добрае імя, відавочна напісанай з мэтай дыскрэдытаваць мяне і анархісцкі рух Беларусі, тым больш, што артыкул, па якім я быў асуджаны ў 2011 годзе не ўтрымлівае ў сваёй дыспазіцыі «прыкмет тэрарызму»”, - адзначае ў позве былы палітвязень.
Мікалай Дзядок лічыць, што інтэрнэт-сайт газеты “СБ. Беларусь сегодня” распаўсюдзіў прыніжаючыя яго гонар і годнасць звесткі і ступень іх распаўсюджвання вельмі высокая, бо выданне з’яўляецца найбольш масавай дзяржаўнай газетай і непраўдзівая інфармацыя стала вядомая мноству людзей.
Ён просіць суд прызнаць, што звесткі, напісаныя ў выданні, не адпавядаюць рэчаіснасці, ганьбяць яго гонар і годнасць, абавязаць рэдакцыю газеты “СБ Беларусь сегодня” і аўтара артыкула выдаліць непраўдзівыя звесткі і апублікаваць на галоўная старонцы інтэрнэт-сайта газеты абвяржэнне дадзенай інфармацыі. А таксама спагнаць на яго карысць з рэдакцыі газеты і аўтара артыкула Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Мікалай Дзядок падзяліўся з ПЦ “Вясна” сваімі чаканнямі:
“У мяне няма веры ў тое, што дзяржаўная сістэма можа эфектыўна абараняць правы чалавека. Тым больш такая, як у Беларусі. Таму мой зварот у суд не з'яўляецца прызнаннем легітымнасці гэтай дзяржавы - гэта, хутчэй, сродак прыцягнуць увагу да хлусні дзяржСМІ і нагадаць Андрэю Мукавозчыку аб адказнасці за свае словы”.
Нагадаем, Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска 27 траўня 2011 года да 4,5 гады зняволення па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (“хуліганства, здзейсненная групай асобаў”). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
Крыніца: Мікалай Дзядок звярнуўся ў суд: "Хачу прыцягнуць увагу да хлусні дзяржСМІ"