Пры параўнанні сітуацыі ў Беларусі і Азербайджане можна адзначыць, што ўлады абедзвюх краінаў паміж сабой абменьваюцца досведам пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, перыядычна даводзіцца назіраць хвалі пераследу праваабаронцаў то ў адной, то ў другой краіне. І нават артыкулы крымінальнага кодэксу пры гэтым выкарыстоўваюць адны і тыя ж: за “ўхіленне ад сплаты падаткаў” у 2011 годзе ў Беларусі быў асуджаны Алесь Бяляцкі, а ў 2014-2015 годзе гэты артыкул уваходзіў у пералік абвінавачанняў супраць шэрагу аўтарытэтных праваабаронцаў Азербайджана - Анара Мамедлі, Лэйлы Юнус, Інтыгама Аліева. На шчасце - сёння яны ўжо на волі. На жаль - іх вызваленне не азначае спыненне палітычна матываванага пераследу грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў у абедзвюх краінах.
- Анар Мамедлі падчас інтэрв'ю ў "Вясне"
Пра бягучую сітуацыю і становішча праваабаронцаў у Азербайджане «Вясне» распавёў былы палітычны вязень, кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Анар Мамедлі. Наш госць упершыню наведаў Беларусь на мінулым тыдні, яго візіт быў звязаны з удзелам у Паралельным форуме грамадзянскай супольнасці АБСЕ ў Мінску.
- Па-першае, я ўдзячны за запрашэнне. Для мяне вялікі гонар быць у офісе "Вясны". Для маёй арганізацыі і некаторых нашых калегаў, праваабарончых арганізацый у Азербайджане, «Вясна» з'яўляецца брацкай арганізацыяй.
Так, у нашых краінаў шмат агульнага. Самае галоўнае - матыў рэпрэсій вельмі падобны. Мы чуем навіны [з Беларусі - рэд.], што пераследуюць журналістаў, палітычных лідараў і актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. І на працягу апошніх трох гадоў у Азербайджане многае пагоршылася. Але цяпер, дапусцім, у Беларусі я бачу, што ўрад хаця б хоча імітаваць, што вось сябра АБСЕ, стараецца быць нармальным партнёрам Еўрапейскага Саюза і гэтак далей. А ў Азербайджане, на жаль, урад ужо скончыў імітаваць палітыку дэмакратызацыі - нягледзячы на тое, што краіна з'яўляецца сябрам Савета Еўропы і [у траўні - лістападзе 2014 года - рэд.] старшынствавала ў Камітэце міністраў СЕ. І цяпер у нас ёсць праблемы, якія можна назіраць у Беларусі. Матыў уладаў - знішчыць альтэрнатыўныя галасы: арганізацыі, журналістаў, якія крытыкуюць урад. На дадзены момант у Азербайджане каля 150 палітвязняў. Гэта велізарная колькасць, я думаю, што [па колькасці палітвязняў - рэд.] сярод сябраў Савета Еўропы Азербайджан - другая краіна пасля Турцыі. Сярод іх ёсць палітычныя лідары розных перакананняў, ёсць журналісты, шмат блогераў, прадстаўнікі рэлігійнай абшчыны, якія таксама крытыкавалі ўрад за сацыяльна-эканамічную палітыку.
- Падчас інтэрв'ю Анар Мамедлі сядзіць на месцы, дзе калісьці была майка з яго выявай і патрабаваннем свабоды для палітвязня.
Што тычыцца праваабаронцаў, то так - нас ужо вызвалілі. Некаторыя мае калегі цяпер знаходзяцца ў замежжы, у розных еўрапейскіх краінах. Яны не змаглі жыць у Азербайджане ў сувязі з аказаным на іх ціскам. Некаторыя, як Арыф і Лэйла Юнус, з медыцынскім матывам вымушаныя былі пакінуць краіну. У тых, хто цяпер застаецца ў Азербайджане, няма магчымасцяў для нармальнай працы. Па-першае, тры гады таму урад пачаў ствараць новае заканадаўства, якое пазбаўляе нас розных магчымасцяў. Так, мы не можам атрымаць фінансавую дапамогу ні ад нацыянальных ні ад замежных донараў, наогул ні адна арганізацыя зараз не працуе з замежнымі донарамі. Многія міжнародныя арганізацыі пакінулі Азербайджан: АБСЕ свой офіс зачыніла, ужо няма місій міжнародных гуманітарных арганізацый. Потым былі прыдуманыя новыя цяжкія санкцыі супраць няўрадавых арганізацый, грамадзянскай супольнасці, ва ўмовах якіх проста немагчыма працаваць. І самае галоўнае - палітычнае мысленне на сто адсоткаў змянілася і ўрад лічыць ўсіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ворагамі народа, выкарыстоўваюць супраць нас "чорны піяр", абвяшчаюць нас шпіёнамі - праармянскімі або замежнымі, разгарнуўшы такую ж кампанію, як мы бачылі ў Расіі. Псіхалагічна немагчыма працаваць. Немагчыма мець афіцыйны офіс, немагчыма праводзіць семінары, трэнінгі, форумы. Нават калі з'яўляецца матэрыяльная магчымасць правесці нейкае мерапрыемства ў Баку ці дзесьці ў рэгіёнах, для гэтага трэба атрымаць дазвол ад прэзідэнцкай адміністрацыі або мясцовай выканаўчай улады.
Таму ў нас ёсць першасныя задачы. Абараняць людзей, якія цяпер сядзяць у турмах па палітычных матывах - гэта наш прыярытэт. Другое - мы стараемся рабіць усё для таго, каб міжнародныя арганізацыі былі больш канкрэтнымі і сур'ёзнымі ў дачыненні да такіх дзяржаваў, як Азербайджан, Беларусь. Бо з такімі ўладамі немагчыма размаўляць у дыпламатычным тоне. Трэба планаваць больш канкрэтныя механізмы для абароны правоў чалавека ў Азербайджане, Беларусі, Расіі, Турцыі. Колькі яны будуць працягваць гэтую імітацыю, маючы сяброўства ў АБСЕ, Савеце Еўропы, узяўшы на сябе міжнародныя абавязальніцтвы? Гэтаму пара пакласці канец, і мы стараемся працаваць у гэтым напрамку.
- Постэры лаўрэатаў праваабарончай прэміі імя Вацлава Гавела ў Савеце Еўропы. Фота з Фэйсбука Анара Мамедлі
Часта журналісты, замежныя калегі пытаюцца, што для нас галоўнае ў такіх сітуацыях. Вядома, для нас важна працаваць з грамадзянамі Азербайджана. Таму што новыя пакаленні мала ведаюць. Кожны дзень дамінуючыя тэлебачанне і газеты вядуць агітацыю, быццам бы Азербайджан - бліскучая краіна, усё ў нас супер. Яны не ведаюць альтэрнатывы. Так, ёсць Фэйсбук, сацыяльныя медыя, але гэтага мала. Нам трэба працаваць з грамадзянамі, больш падрабязна інфармаваць іх пра нашыя праблемы, пра існуючыя альтэрнатывы. Трэба тлумачыць, навошта нам патрэбныя свабодныя справядлівыя выбары, як мы можам уладзіць нашыя праблемы, чаму важны ўдзел у палітычным жыцці краіны. Над гэтым варта працаваць.
- Анар, Вы ўжо згадалі тэму выбараў. Вашая крымінальная справа была звязана з тым, што Вашая арганізацыя ажыццяўляла маніторынг прэзідэнцкіх выбараў 2013 года і выкрыла шматлікія фальсіфікацыі. "Вясна", як вядома, у свой час за назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі была пакараная пазбаўленнем рэгістрацыі, але працягвае гэтым займацца. Цэнтр маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі таксама працягвае сваю дзейнасць. Раскажыце, з якімі праблемамі выбарчага працэсу даводзіцца сутыкацца назіральнікам у Азербайджане.
- Праблемаў шмат. Па-першае, само выбарчае заканадаўства не адпавядае еўрапейскім стандартам. Ці то 10 ці то 15 гадоў таму Венецыянская камісія Савета Еўропы [Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права - кансультатыўны орган па канстытуцыйным праве пры CE - рэд.] падрыхтавала справаздачу, у якой было выкладзена шмат прапаноў і рэкамендацый па змене нашага Выбарчага кодэкса, якія да гэтага часу ўрад ігнаруе. І на дадзены момант няма палітычнай волі да кантактаў з Венецыянскай камісіяй. І, дарэчы, палітычная воля - гэта самае галоўнае. Ва ўрада не хапае волі правесці нармальныя выбары. Іх мысленню не ўласцівае разуменне таго, што ў краіне ёсць праблемы наконт выбарчай сістэмы і гэта трэба выправіць. На практыцы яны кантралююць усе мас-медыя - і на тэлебачанні немагчыма пачуць нейкія альтэрнатыўныя праграмы, якія прапануюць апазіцыйныя партыі, у парламенце на дадзены момант увогуле няма апазіцыянераў - і там немагчыма пачуць крытыкі на адрас прэзідэнта Ільхама Аліева ці прэм'ер-міністра. Хоць раней гэта было - таму што імітавалі. Але ў апошнія гады, як я казаў, "стоп імітацыя" - пачалі ўсё ігнараваць.
Адносна таго, што мы бачым на практыцы. У Азербайджане няма подкупу галасоў, што распаўсюджана ў некаторых краінах. У нас выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс: з дапамогай мясцовых выканаўчых уладаў арганізуюцца групы людзей, якія могуць галасаваць два-тры разы ў дзень выбараў, і калі ўзнікае недахоп выбарчых бюлетэняў і гэтак далей, то і пратаколы свае складуць, неабходныя фальсіфікацыі зробяць. Пры гэтым судовая сістэма не працуе. Азербайджан – краіна-лідар па парушэннях выбарчага права паводле статыстыкі Еўрапейскага суда па правах чалавека. Зараз я дакладна ведаю пра 26 рашэнняў ЕСПЧ па такіх скаргах, таксама ёсць шмат рашэнняў наконт парламенцкіх выбараў пачынаючы з 2005 года. Гэта скаргі на парушэнне выбарчага права з боку ЦВК і акруговых выбарчых камісій, на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу, нерэгістрацыю кандыдатаў, фальсіфікацыю вынікаў выбараў. Пра ўсё гэта напісана ў рашэннях ЕСПЧ, але на выкананне гэтых рашэнняў зноў-такі не хапае палітычнай волі.
Пра многае можна казаць. Але, я мяркую, што самае галоўнае для выбарчай сістэмы - забеспячэнне фундаментальных правоў на свабоду слова, свабоду сходаў і свабоду асацыяцыі. Без гэтага немагчыма правесці свабодныя дэмакратычныя выбары, што і адбываецца ў Азербайджане.
- Анар Мамедлі падчас інтэрв'ю ў "Вясне"
- Якія перашкоды падчас назірання за выбарамі паўстаюць перад удзельнікамі Вашай маніторынгавай сеткі?
- Самае складанае для нас - правесці нармальныя сустрэчы з людзьмі, якія хочуць стаць назіральнікамі. Бо вельмі важна растлумачыць ім, што такое незалежнае назіранне, як трэба фіксаваць парушэнні, як падрыхтаваць скаргу ў выбарчыя камісіі. У Азербайджане 125 выбарчых акругаў, і каб у кожнай акрузе быў назіральнік, нам трэба з'ездзіць хаця б у 20 рэгіёнаў. Але, як я казаў, мясцовыя выканаўчыя ўлады не даюць дазволаў на правядзенне такіх сустрэчаў. Ездзіць у некаторыя рэгіёны наогул немагчыма, таму што адразу заўважна, што ты прыехаў з Баку, і затым нават не ў нас будуць праблемы, яны будуць у ўдзельнікаў нашых мерапрыемстваў. А нам не хацелася б, каб гэтыя нашыя сустрэчы мелі для людзей нейкія наступствы, і мы павінны ўлічваць такія абставіны. Таксама для правядзення падобных мерапрыемстваў нам патрэбныя фінансавыя рэсурсы, якія складана атрымаць: прыцягнуць замежную дапамогу мы не можам, а збіраць ахвяраванні на сваю дзейнасць унутры краіны па новых законах таксама стала цяжка, таму што кожны, хто з нейкай мэтай дае грошы няўрадавым арганізацыям, абавязаны запоўніць пэўную форму, адправіць гэтыя даныя ў Міністэрства фінансаў, Міністэрства юстыцыі. І людзі нават баяцца падтрымліваць такія арганізацыі, як нашая. Пры такіх умовах працаваць напоўніцу нам складана.
Ну а калі нашы назіральнікі прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, то, вядома, іх там бачыць не хочуць. З гэтай прычыны некалькі гадоў таму наш урад звярнуўся да новай тактыкі - яны стварылі GONGO [намінальна няўрадавыя грамадскія аб'яднанні, якія працуюць на інтарэсы дзяржавы - рэд.]. У нас шмат такіх арганізацый, таму на кожным участку можна бачыць праўладных назіральнікаў. І калі на ўчастку ёсць адзін-два назіральнікі ад палітычных партый і няўрадавых арганізацый, то вакол іх будзе натоўп з гэтых праўладных, якія будуць аспрэчваць кожнае заяўленае нашымі назіральнікамі парушэнне. Вядома, гэта стварае псіхалагічны дыскамфорт у нашай працы.
Тым не менш, мы назіраем, робім свае высновы. У нас ёсць добрыя эксперты, якія могуць сесці, прааналізаваць і прадставіць альтэрнатыўны погляд па выніках выбараў. Гэта вельмі важна.
Так, назіраючы за выбарамі, мы не ўплываем на вынікі. Мы пішам альтэрнатыўную гісторыю. Хай нашы новыя пакаленні ведаюць, што мы пастараліся нешта зрабіць. Краіна, такім чынам, “падзяляецца” на віртуальны Азербайджан, пра які распавядаюць улады, і рэальны Азербайджан, пра які гаворым мы. Нашая задача - даваць людзям праўдзівую інфармацыю пра рэаліі грамадска-палітычнага жыцця. Гэта галоўнае.
Крыніца: "Калі ў Беларусі ўрад хоча імітаваць дэмакратыю, то ў Азербайджане - ужо скончыў імітацыю" Фота