Зміцер Паліенка. Фота: ПЦ "Вясна" Як паведамляе Радыё Свабода, крымінальная справа актывіста анархічнага руху Зьмітра Паліенкі ў пачатку ліпеня была перададзеная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд. Але абвінавачанне могуць дапоўніць.

Пра гэта Свабодзе рассказала прадстаўніца прэс-службы Следчага камітэту па Мінску Кацярына Гарлінская: справу Паліенкі вярнулі для дадатковага папярэдняга расследавання ў Заводзкі раённы аддзел мінскага СК «з пазнакай аб дачы прававой ацэнкі дзеянням Паліенкі».

Ацэньваць будуць дзеянні, «звязаныя з абразай прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), па выніках абвінавачанне можа быць дапоўненае. Каго і калі мог абразіць Паліенка, не паведамляецца.

Нагадаем, Зміцер Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка, яго трымалі пад вартай без выстаўлення абвінавачвання да 5 красавіка (хаця можна толькі 10 дзён). Розныя абвінавачванні аб’ядналі ў адну справу:

  • увечары 13 сакавіка, як сцвярджае СК, Паліенка распыліў пярцовы газ з балончыка ў твар чалавеку, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэнне ў пад’езьдзе (паводле сяброўкі Паліенкі, гэта была самаабарона — да Змітра чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына»);
  • 23 студзеня была распачатая таксама крымінальная справа за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Мінску, у якой разам з Паліенкам фігуруюць Яўген Чуліцкі і Настасся Гусева.

Змітру Паліенку пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета яго ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку».

​У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Ён выйшаў на волю ў кастрычніку 2018 году, праз два з паловай гады зняволення.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны тады ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

Крыніца: Зняволенага анархіста Паліенку падазраюць у «абразе прадстаўніка ўлады»