Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі 18 ліпеня прэзентавалі ў Мінску агляд “Змены прававога становішча некамерцыйных арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў у Беларусі” за першае паўгоддзе 2019 года. Дата прэзентацыі была выбраная невыпадкова, бо 18 ліпеня – апошні дзень, калі юрыдычна дзейнічае артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса – “Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці”.
Падчас свайго выступу юрыст Юры Чавусаў адзначыў, што адмена артыкула 193 прым. 1 сімвалічна, але ў аглядзе не з’яўляецца галоўнай тэмай, бо больш за ўсё на дадзены момант праваабаронцаў турбуюць змены ў законе “Аб масавых мерапрыемствах” і тыя наступствы, якія з’явіліся пасля іх.
“Новае рэгуляванне свабоды мірных сходаў па абноўленаму Закону "Аб масавых мерапрыемствах" не садзейнічала паляпшэнню магчымасцяў рэалізацыі свабоды мірных сходаў у Беларусі. Больш за тое, нягледзячы на ўвядзенне элементаў правядзення статычных сходаў па заяўным прынцыпе, дэ факта магчымасцяў для правядзення сходаў стала значна менш у сувязі з увядзеннем неабгрунтавана завышаных абавязковых плацяжоў, без якіх правядзенне сходаў легальна з'яўляецца немагчымым”, - падкрэсліваецца ў аглядзе.
Таксама выступоўца падкрэсліў, што замена крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі на адміністрацыі (арт. 23.88 КаАП) можа прывесці да больш сур’ёзных наступстваў для грамадзянскай супольнасці.
“Магчыма, адміністрацыйная адказнасць не будзе такой мёртвай, як была крымінальная, і актывісты могуць сутыкнуцца з вялізарнымі штрафамі ў 50 базавых велічынь, тым больш, што яны накладаюцца не ў судовым парадку”, - распавёў Юры Чавусаў.
Занепакоенасць праваабаронцаў выклікаюць і новаўвядзенні, якія тычацца фінансавых аспектаў дзейнасці НКА, а менавіта неабходнасць публікаваць фінансавую справаздачнаць у адкрытым доступе, што было зроблена заканатворцамі па рэкамендацыі Групы дзяржаў па барацьбе з карупцыяй.
Дырэктарка “Цэнтру прававой трансфармацыі” Вольга Смалянка адзначыла, што са студзеня гэтага года ўвесь час уносяцца розныя змены, якія закранаюць дзейнасць НКА. У хуткім часе змены закрануць і дэкрэт аб атрыманні замежнай бязвыплатнай дапамогі.
"Нягледзячы на некаторыя цалкам пазітыўныя новаўвядзенні, агульная ацэнка прапанаванага праекта будзе залежыць ад яго правапрымяняльнай практыкі, пры гэтым ніякіх карэнных зменаў не ўводзіцца", - сказала выступоўца.
Нажаль, часта самі НКА прызвычаіліся падпарадкоўвацца розным абставінам і амаль не рэагуць на новаўвядзення, якія іх тычацца, не адстойваюць свае правы.
“Мы падрыхтавалі зварот і аб’явілі збор подпісаў пад ім па пытанне выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва для ўстанаў. На дадзены момант пад ім падпісалася толькі 24 ўстановы”, - падкрэсліла Вольга Смалянка.
Праваабаронца выказала пажаданне, каб некамерцыйныя арганізацыі своечасова рэагавалі не толькі на заканадаўчыя змены, але і на практыку прымянення. Са свайго боку яна паабяцала і далей сачыць за сітуацыяй, рыхтаваць і пісаць прапановы ў розныя дзяржорганы, працягваць працу па маніторынгу зменаў у заканадаўства.
Пазітыўны трэнд змяніўся на негатыўны. У Мінску распавялі пра становішча НДА
Пасля афіцыйнай часткі прадстаўнікі праваабарончай і грамадзянскай супольнасці адправіліся ў плаванне, каб канчаткова развітацца з артыкулам 193.1 Крымінальнага Кодэкса.