Як паведамляе "Віцебская Вясна", Судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду разгледзела 19 ліпеня апеляцыйную скаргу віцебскага “доктара-праўдаруба” Ігара Пастнова, які быў асуджаны судом Бешанковіцкага раёну на тры гады “хіміі” за паклёп на пракурора (ч. 2 арт. 188 КК). Скарга пакінутая без задавальнення, а прысуд – без зменаў.
Апеляцыю разглядала калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ў складзе старшыні Аляксандра Абашына, суддзяў Тацяны Дашкевіч і Андрэя Прэйса. У якасці дзяржабвінаваўцы выступаў пракурор Віталь Сузанскі – той самы, які ўдзельнічаў у працэсе па справе Пастнова ў судзе першай інстанцыі. З гэтай прычыны на пачатку паседжання Ігар Пастноў заявіў адвод пракурору як зацікаўленай у выніках разгляду асобе, але адвод не задаволілі. Не задаволены быў і заяўлены адвод самой калегіі.
Разгляд апэляцыйнай скаргі прайшоў у закрытым судовым паседжаньні. Ігар Пастноў хадайнічаў, каб суд быў адкрыты, але судовая калегія адхіліла хадайніцтва.
У апеляцыйнай скарзе Пастноў настойваў у тым ліку на тым, што “трэба адмяніць прысуд і на той падставе, што прызначанае пакаранне судом першай інстанцыі не адпавядае цяжкасці злачынства і асобе абвінавачанага”. Пісаў пра адмову ў правядзенні шэрагу экспертызаў і пра тое, што быў пазбаўлены права выступаць у судовых спрэчках і права на апошняе слова.
Разгледзеўшы скаргу, судовая калегія пакінула яе без задавальнення, а прысуд Пастнову – без зменаў.
Пастноў можа стаць палітвязьнем
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік, камэнтуючы рашэнне аблсуду, кажа, што цяпер праваабарончая супольнасць будзе вывучаць справу Пастнова на прадмет магчымага надання яму статусу палітвязьня.
“Сёння рашэннем апэляцыйнай інстанцыі прысуд Ігару Пастнову пакінуты без зменаў. Цяпер Ігар Аляксеевіч павінен будзе адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам тры гады.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці пільна назіралі за судом над Пастновым, але, каб пазбегнуць ціску на суд, публічныя заявы не рабіліся. Для грамадскасці было важна, каб судовыя разгляды ў судах першай і апеляцыйнай інстанцыяў праходзілі справядліва, поўна і аб’ектыўна.
Цяпер, калі прысуд набыў законную сілу, праваабарончая супольнасць будзе вывучаць справу Пастнова на прадмет адпаведнасці крытэрам, якімі карыстаюцца праваабаронцы для прылічэння асуджанага да вызначэньня “палітычны вязень”, – паведаміў Леанід Свецік.
Крыніца: Абласны суд не задаволіў скаргу псіхіятара Пастнова