24 ліпеня Магілёўскі абласны суд разгледзіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва, дзе зняволены абскарджваў вынесеныя яму адміністрацыяй ПК №15 спагнанні.
Сёння на працэсе прысутнічала жонка асуджанага Людміла Кучура. Яна распавяла ПЦ “Вясна”, што на паседжанне з’явілася прадстаўніца калоніі, якая не прыводзіла якіх-небудзь довадаў і абгрунтаванняў таго, што Пётр Кучура сапраўды здзяйсняў парушэнні рэжыму ўтрымання, а толькі зачытвала правілы ўнутранага распарадку ў ПК №15.
“Было відаць, што прадстаўніца ўвогуле не мае ўяўлення, што такое апеляцыйная скарга і нават хадайніцтва, аднак яна была ўпэўненая, што суд стане на бок калоніі”, - падзялілася ўражаннямі Людміла Кучура.
У выніку так і адбылося: Магілёўскі абласны суд палічыў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва правамерным і пакінуў скаргу асуджанага без задавальнення.
Людміла Кучура адзначыла і тое, што на паседжанне прышла пракурор, але не ў якасці ўдзельніцы працэса. Па яе меркаваннях, з’яўленне пракурора ў судзе звязана з пятай праверкай, якую праводзіць Магілёўская пракуратура пад кантролем Генеральнай Пракуратуры па скарзе жонкі асуджанага на парушэнні з боку адміністрацыі калоніі ў дачыненні да яе мужа. Яшчэ 10 ліпеня Людміла Кучура атрымала адпаведны адказ з Генеральнай пракуратуры аб перанакіраванні скаргі ў Магілеўскую пракуратуру для правядзення дадатковай праверкі.
Пасля вынесенага рашэння Магілёўскім абласным судом жонка асуджанага не збіраецца апускаць рукі, а будзе падаваць скаргу ў наглядным парадку, а таксама рыхтаваць індывідуальны зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.
Акрамя гэтага Людміла Кучура плануе звярнуцца ў Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксей Лазарэнкі па арт. 426 Крымінальнага кодэкса – “Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”. Найперш гэта звязана з тым, што лісты Пятра Кучуры да жонкі планамерна знішчаюцца цэнзурай, з калоніі не была выпушчана яго апеляцыйная скарга ў суд нібы з-за памылак у афармленні, асуджанаму не даюць магчымасць зрабіць даверанасць на жонку для прадстаўлення яго інтарэсаў.
“Больш за 200 дзён мой муж знаходзіцца то ў ПКТ, то ў ШІЗА па чарзе. Але ніхто нічога не збіраецца выпраўляць”, - адзначае Людміла Кучура.
Нагадаем, надзвычайная сітуацыя склалася вакол Пятра Кучура пасля стварэння яго жонкай петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адміністрацыі калоніі выклікала тое, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.
Прадстаўнікі магілёўскай ГНК не змаглі наведаць асуджанага Пятра Кучуру ў калоніі
Крыніца: Суд не задаволіў апеляцыйную скаргу асуджанага Пятра Кучуры