На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь 25 ліпеня апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Раней, 20 ліпеня, ён быў падпісаны Прэзідэнтам Беларусі і ўступае ў сілу з дня яго апублікавання.
У каментары, размешчаным на сайце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паведамляецца, што дакументам вызначаны катэгорыі асоб, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання, асуджаных за злачынствы, якія не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх (непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да васемнаццацi гадоў, асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, інваліды I і II груп, хворыя на анкалагiчныя захворваннi, ветэраны баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні ў перыяд праходжання службы,ці ажыццяўлення службовай дзейнасці, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных). Асобным катэгорыям асуджаных (у тым ліку якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 1, 2 і 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса), якія не падлягаюць вызваленню, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання на 1 год, а непаўналетнім - на 2 гады.
З улікам існуючай практыкі прымянення амністыі яна не распаўсюджваецца на асоб, да якіх на працягу 2014-2019 гадоў ўжывалася амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства; якія цалкам не пакрылі прычынены злачынствамі ўрон (шкоду), не заплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам; злосна парушаюць парадак адбывання пакарання; асуджаных за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, карупцыйныя злачынствы, злачынныя дзеянні сэксуальнага характару, бандытызм, тэрарызм, масавыя беспарадкі, парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане ап'янення, што пацягнула смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, і шэраг іншых злачынстваў, якія характарызуюцца высокай грамадскай небяспекай.
Мяркуецца вызваліць ад крымінальнага пакарання каля 6 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення свабоды - каля 2 тыс. чалавек.