У судзе Гарадзенскага абласнога суда 30 ліпеня адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі грамадскага актывіста з Лідчыны Вітольда Ашурка. Пачатак паседжання - а 16-й гадзіне, паведамляе "Гарадзенская Вясна".
Нагадаем, што 17 чэрвеня бягучага году Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам “Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя і звяртаючыся да мясцовай улады. Гэта адбылося таму, што на тэрыторыі Лідскага раёна адбылося надзвычайнае здарэнне: яшчэ 11 чэрвеня 2019 года стала вядома пра моцнае забруджванне ракі Дзітва і мор рыбы. Атручванне рэк Дзітва і Нёман адбылося праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак ніякіх інфармацыйных і іншых дзеянняў па папярэджанні насельніцтва пра небяспеку ўлады Лідскага раёна цягам 6 дзён (!) не зрабілі.
Мясцовая міліцыя склала на Сяргея Пантуса і Вітольда Ашурка пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, а Лідскі раённы суд надзвычай хутка (ужо 20 чэрвеня) пастановай старшыні суда Вячаслава Мацука аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.
Вітольд Ашурак не пагадзіўся з рашэннем Лідскага раённага суда і падаў касацыйную скаргу ў абласны суд.
Сітуацыю каментуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч: "Шанцаў на тое, што абласны суд задаволіць гэтую касацыйную скаргу 0,001%. Тым больш, што фармальныя прыкметы пікету былі. Аднак пры нармальным аб'ектыўным і дэталёва юрыдычным разглядзе ёсць усе падставы адмяніць карную пастанову. Рэч у тым, што у адпаведнасці з часткай 2 артыкулу 5.1 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем дзеянне, здзейсненае пры абароне жыцця, здароўя, у тым ліку іншых фізічных асобаў, інтарэсаў грамадства, ад супрацьпраўных дзеянняў, якія прычыняюць шкоду. Дзеянні Ашурка і Пантуса мелі якраз такі папераджальны характар. А вось уладныя структуры, якія доўга замоўчвалі істотную экалагічную праблему, павінны быць пакараныя".
Крыніца: Гарадзенскі аблсуд разгледзіць скаргу актывіста Вітольда Ашурка